У Менску пройдзе II Міжнародны моладзевы форум валянтэраў

На гэтым тыдні, 3 сьнежня 2009 году, у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаганэса Рау адбудзецца II Міжнародны форум валянтэраў. Форум праводзіцца арганізацыямі і добраахвотніцкімі праектамі, якія працуюць з ахвярамі нацыянал-сацыялізму: вязьнямі канцлягераў, гета, прымусовымі работнікамі і сьведкамі Другой сусьветнай вайны.

На сёньня ў Беларусі і ў Менску ў прыватнасьці, сыстэма сацыяльна-грамадзкіх прапаноў для сталых людзей не вылучае катэгорыю былых ахвяр таталітарных рэжымаў. Людзі пэнсійнага веку часта застаюцца ізаляванымі ад грамадзкага жыцьця і не знаходзяць належнай ўвагі з боку сацыяльных службаў горада, а таксама цікавасьці з боку маладога пакаленьня.

Задачай Форуму зьяўляецца абмеркаваньне магчымасьцяў удзелу маладых людзей у добраахвотніцкай працы са сьведкамі Другой сусьветнай вайны, а таксама прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да праблем менавіта гэтай катэгорыі людзей.

На Форуме выступяць з дакладамі спэцыялісты са сфэры суправаджэньня валянтэраў, сацыялягічнага аналізу матывацыі ўдзелу маладых людзей у валянтэрскіх праектах, а таксама будзе прадстаўлены досьвед валянтэрскай дзейнасьці ў іншых краінах.

Упершыню ў межах Форуму з 16:30 да 17:30 адбудзецца мерапрыемства «Адчыненыя дзьверы» — прэзэнтацыя валянтэрскіх праектаў, арыентаваных на паляпшэньне якасьці жыцьця сьведак ваенных падзей. Удзел гасьцей Форуму ў гэты час папярэдняй рэгістрацыі не патрабуе. Падзея пройдзе па адрасе: Менск, пр-т газэты «Праўда», 11.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.