Радзькоў лічыць прымусовае разьмеркаваньне карысным і зьбіраецца яго разьвіваць
Міністар адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў лічыць, што выпускнікам падабаецца прымусовае разьмеркаваньне, а «ехаць на вёску прэстыжна». Аб гэтым ён заявіў у Савеце рэспублікі ў час абмеркаваньня законапраекту «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі».
Па словах міністра, прымусовае разьмеркаваньне карыснае як для выпускнікоў, так і для дзяржавы, перадае БелТА. Больш за тое, ужо ў іншых краінах міністра «просяць» вярнуць сыстэму разьмеркаваньня:
«Мы нядаўна гэтую сытуацыю абмяркоўвалі з расейскімі калегамі, і там просяць вярнуць абавязковае разьмеркаваньне пасьля ВНУ. Перш за ўсё таму, што дзяржава дае маладому чалавеку яго першае працоўнае месца», — перадае словы Радзькова «Interfax».
На думку Радзькова, «абавязковае разьмеркаваньне — гэта міжнародная практыка». Па словах міністра «ў той жа Францыі яго ніхто яе не адмяняў, паколькі ў Эўропе разумеюць, што для маладога спэцыяліста галоўнае — атрымаць працоўнае месца», — раскрыў вочы беларускім студэнтам доктар пэдагагічных навук, які пачаў кар’еру ў родным магілёўскім ВНУ, што скончыў у 1973 годзе і дзе працаваў да 2003.
На думку спадара Радзькова, «зараз сярод моладзі модна ехаць на сяло. Асабліва ў аграгарадкі, дзе даецца жыльлё з гарачай вадой, будуецца шмат аб’ектаў, школы, дзіцячыя сады ў рамках дзяржаўнай палітыкі адраджэньня вёскі.
Выпускнікам даецца першае працоўнае месца, і людзі ў наш час гэта вельмі цэняць».
А вось калі «нехта з маладых людзей у Беларусі не разумее ўсёй важнасьці разьмеркаваньня, то неабходна неяк яго падштурхнуць, даць зразумець, што ён абавязаны выканаць свой грамадзянскі абавязак і вярнуць такім чынам затраты, якія выдаткавала дзяржава на яго адукацыю», — дадаў міністар.
Цяпер у Беларусі кожны
Па словах спадара Радзькова, «заканадаўчая норма аб разьмеркаваньні ў Беларусі ня будзе пераглядацца», а далейшае разьвіцьцё сыстэмы разьмеркаваньня дазволіць дынамічна разьвіваць эканоміку.
Нагадаем, што грамадзкая дыскусія аб прымусовым разьмеркаваньні была наноў узьнятая нядаўнім артыкулам былога рэктара Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Паўла Беспальчука, які за некалькі дзён да сканчэньня свайго кантракту публічна агучыў некаторыя факты парушэньня закону і злоўжываньня працэсам разьмеркаваньня ў падначаленым яму ВНУ.