Каштоўнасьці па-эўрапейску пад беларускім соўсам

У канфэрэнц-залі менскага гатэлю «Эўропа» некалькі соцень маладых людзей — студэнты і магістранты беларускіх ВНУ, нямецкія актывісты, якія з розным посьпехам працуюць ва Ўсходняй Эўропе. Падзея, дзеля якой яны тут сабраліся, завецца «адкрытая дыскусія «Эўрапейскія каштоўнасьці: чаму яны прывабныя для Беларусі?». Моладзь слухае прамовы беларускіх і нямецкіх экспэртаў, якія імкнуцца акрэсьліць тыя эўрапейскія каштоўнасьці і вызначыцца зь іх месцам у сьвядомасьці беларусаў. Усьмешлівы малады эканаміст Аляксандр Чубрык аглядае прысутную моладзь: «Думаеце, беларусаў так моцна цікавяць эўрапейскія каштоўнасьці? Іх перш за ўсё, як і любых нармальных людзей, цікавяць пытаньні дабрабыту».

«Мы не чакалі, што да нас прыйдзе столькі людзей, — кажа мадэратар дыскусіі, прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня „Лібэральны клюбАляксандр Апейкін. — Гэтай дыскусіяй мы спрабуем унесьці яснасьць у пытаньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў і эўрапейскага выбару Беларусі, якое зараз актыўна абмяркоўваецца».

Сапраўды, больш актуальную тэму для абмеркаваньня цяпер прыдумаць цяжка. Акрамя, бадай, сьвінога грыпу, які абрынуўся на менскія вуліцы пад канец восені і супаў з 12-ым па ліку «Менскім форумам», дзе эўрапейскія, перш за ўсё нямецкія эканамісты і інтэлектуалы, і беларускія прадстаўнікі грамадзкай супольнасьці і ўлады, ня баючыся сьвіных пошасьцяў, заўзята абмяркоўваюць эўрапейскі шлях Беларусі. Адным з галоўных падзей форуму стала дыскусія аб ініцыятыве «Ўсходняе партнэрства», пра старт якой было абвешчана ў Празе паўгады таму.

Простыя каштоўнасьці

«Парнэрства» абяцае беларусам немалыя эканамічныя выгоды, хаця і патрабуе ад уладаў пэўных палітычных саступак і прыняцьця тых самых эўрапейскіх каштоўнасьцяў, на якіх пабудаваны Эўрапейскі Зьвяз. Здаецца, нічога складанага: дэмакратыя, панаваньне закону, рынкавая эканоміка, павага да меншасьцяў. Але ці здольныя самі беларусы прыняць іх?

Андрэй Вардамацкі, кіраўнік лябараторыі «НОВАК» кажа, што базавай эўрапейскай каштоўнасьцю зьяўляецца талерантнасьць, але згодна з сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, талерантнасьць па-беларуску — гэта хутчэй канфармізм, чым дэмакратычныя каштоўнасьці.

«І зараз мы знаходзімся ў сытуацыі патэнцыйнага пералому ў масавай сьвядомасьці ў арыентацыі на Эўропу», — кажа сацыёляг, адзначаючы, што пераломным момантам сталіся як раз «вуглевадародныя сытуацыі» паміж Беларусьсю і Расеяй. Прыхільнасьці беларусаў, па яго словах, моцна залежаць ад пазыцыі мэдыяў, перш за ўсё ТБ.

Усё часьцей беларусы пачынаюць глядзець у бок Эўрапейскага Зьвязу, і ўсё радзей у бок Расеі. Хаця «эўрапейскі геапалітычны вэктар» дагэтуль павернуты ў бок усходняй суседкі, адзначае спадар Вардамацкі. Але не для ўсіх: больш за палову маладых беларусаў маюць эўрапейскую арыентацыю, і параўнальна невялікую арыентацыю на Расею:

«Моладзь мае супрацьлеглую геапалітычную арыентацыю, чым іншыя слаі насельніцтва. Каштоўнасныя арыентацыі, закладзеныя ў маладосьці, захоўваюцца да канца жыцьця», — кажа спадар Вардамацкі.

«Канешне, маладым прасьцей, — кажа адзін з удзельнікаў дыскусіі Анатоль, — Інтэрнэт, „мыла“, Галiвуд, глябалiзацыя… А вось са сталымi ўсё ня так добра. І гэта яшчэ што, у нас да моладзі працягваюць ставіцца як да „лоту“ на прымусовым разьмеркаваньні», — выказвае студэнт набалелае.

У 35-гадовага нямецкага прадусара Міркі Зюнэвальда каштоўнасныя арыентацыі таксама склаліся ў маладосьці ў часы руйнаваньня Бэрлінскай сьцяны і ГДР, ураджэнцам якой ён быў. Тады, у пэрыяд агульнай эўфарыі ад зьнікненьня камуністычнай сыстэмы, яшчэ падлетак Мірка адчуў на ўласнай скуры патрэбу ў прывідных для Ўсходняй Нямеччыны эўрапейскіх каштоўнасьцях:

«У 89-ым мы хацелі бароцца і змагаліся за свабоду, мы выходзілі на вуліцы, бо ў нас не было свабоды. Гэты быў час, які мяне выкаваў», — кажа прадусар.

Дапамог сябе — дапамажы іншым. Мірка зрабіў ня мала для падтрымкі беларускіх незалежных музыкаў: ён прывозіць іх у Нямеччыну, ладзіць акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, паказвае ў сябе на радзіме дакумэнтальныя фільмы аб падзеях у нашай краіне. Вынік чаканы — некалькі гадоў запар беларуская амбасада адмаўлялася даваць яму візу на ўезд у краіну. Але некалькі дзён таму доўгачаканая віза атрыманая і «нязручны» прадусар едзе на ўсё той жа «Менскі форум»: калі ўжо і экспартаваць каштоўнасьці, то на афіцыйных падзеях.

Доўгавалосы, у чорнай скуранцы прадусар вылучаецца сярод па-дзелавому апранутых экспэртаў, якія па чарзе выходзяць да трыбуны і прамаўляюць перад засяроджанымі студэнтамі прыгожыя словы аб дэмакратыі. Мірка ўключае мікрафон і кажа простую, як абарнак, рэч:

«У Дрэздэне, дзе я жыву, можна прабегчыся па вуліцах і спытаць у людзей, што вы думаеце аб эўрапейскіх каштоўнасьцях, і большасьць скажа, што яны нічога ня думаюць. Толькі тады прыгадваеш аб базавых правах, калі яны ўшчамляюцца», — дадае ён.

«Не бывае эўрапейскай дзяржавы без эўрапейцаў»

Але які беларус ня марыць жыць так, як у Нямеччыне? У гэтым і бачаць экспэрты галоўны стымул імкненьня беларусаў да эўрапейскай інтэграцыі. Пры гэтым ня ўсе разумеюць неабходнасьць прыступак, па якіх трэба прайсьці, каб апынуцца ў Эўропе. Хаця б такіх, як рынкавыя рэформы.

«Чым глыбей прагрэс у рынкавых рэформах, тым болей ВУП на душу насельніцтва, — кажа эканаміст Аляксандр Чубрык, — але толькі 12% насельніцтва стала выступаюць за гэтыя рэформы. Астатнім іх прыйдзецца „прадаваць“, як і любы прадукт. І тое магчыма, галоўнае правільна гэта зрабіць».

«Геаграфічна Беларусь — эўрапейская краіна, і яна мае такія ж самыя шанцы разьвіваць дэмакратычныя каштоўнасьці, павагу да правоў чалавека, як і яе суседзі», — упэўнены палітоляг і дарадца Аляксандра Мілінкевіча Аляксандр Лагвінец.

«У той жа час не бывае эўрапейскай дзяржавы без эўрапейцаў, — дадае ён. — Вельмі важна, каб тыя, хто, можа быць, інстынктыўна робяць выбар на карысьць ЭЗ, усьвядомілі, што эўрапейскасьць і эўрапеізацыя — гэта адказная грамадзянская пазыцыя».

Ціхая эўрапеізацыя

Хаця эўрапеізацыя, на думку спадара Лагвінца, ужо адбываецца: «ідзе пэўна прынясеньне сюды эўрапейскіх стандартаў. На ўзроўні заканадаўства, адукацыйнай сфэры, хаця б таму, што ўсё большая і большая колькасьць нашых маладых людзей атрымліваюць у ЭЗ веды і досьвед, пасьля чаго часткова вяртаюцца сюды. Людзі больш вандруюць, больш вучаць мовы — усё гэта праявы эўрапеізацыі».

Што да ЭЗ, то там добра разумеюць, хто мусіць быць ініцыятарам эўрапеізацыі: «ЭЗ ня можа экспартаваць дэмакратычныя каштоўнасьці ў іншыя краіны, ён можа толькі паказаць накірунак руху, — кажа выканаўчая дырэктарка Нямецкага таварыства па вывучэньню Ўсходняй Эўропы доктар Хайке Дзёрэнбэхер. — Кожны мусіць падумаць сам за сябе і ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.