Google падлічвае хворых на грып украінцаў
Кампанія Google, вядомая незвычайнымі праектамі, нядаўна распаўсюдзіла свой як ніколі актуальны сэрвіс Flu Trends на Ўкраіну. Цяпер кожны карыстальнік можа ня толькі даведацца аб узроўні эпідэміі ў паўднёвых суседзяў Беларусі, але і пазнаёміцца з прадказаньнямі адносна яе распаўсюду.
Сэрвіс Flu Trends — Трэнды грыпу — дазваляе аналізаваць распаўсюд вірусу грыпу ў залежнасьці ад тэрыторыі і часу па пошукавых запытах. Запушчаны год таму, сэрвіс вылічвае ўзровень захворваньня ў Расеі, і ўжо як два тыдні ва Ўкраіне. Да Беларусі Flu Trends пакуль не дабраўся.
Ідэя сэрвісу грунтуецца на здагадцы, што карыстальнікі падчас хваробы, спрабуючы дапамагчы сабе самі, шукаюць у Google па запытах, так ці інакш зьвязаных з хваробаю. Такія запыты пошукавая сыстэма можа вылучыць і, прывязаўшы іх да пэўнай тэрыторыі, вызначыць ступень заражэньня вірусам у залежнасьці ад краіны і нават вобласьці. Калі ж параўнаць інфармацыю з аналягічнымі вынікамі па мінулым годзе, то можна прадказаць эпідэмію грыпу.
Першыя дадзеныя, атрыманыя пры дапамозе Flu Trends, цалкам супалі са статыстыкай амэрыканскіх цэнтраў па кантролі і прафіляктыцы, што толькі даказала правільнасьць гіпотэзы Google.
Ацэнка Google Flu (сіні) і дадзеныя па распаўсюджаньні грыпу ва Ўкріне Эўрапейскай сыстэмы нагляду за грыпам
У прыватнасьці для Ўкраіны пік захворваньня грыпам, прадказаны з дапамогай гэтай тэхналёгіі, павінен прыйсьціся на
Зараз распаўсюд грыпу ва Ўкраіне Google ацэньвае як «высокі», як і ў Расеі. Прагноз сумны: ужо на пачатку лістападу актыўнасьць можа перавысіць мяжу «максымальнага» для гэтых краін узроўню. У Польшчы сытуацыі лепшая: актыўнасьць грыпу паводле Flu Trends на «нізкім узроўні».
Тэндэнцыя распаўсюджваньня грыпу ва Ўкраіне ў 2009-2010 ў паўраўнаньні зь мінулымі гадамі
Сьвіны грып у Сеціве
Flu Trends не адзіная прыкмета цікаўнасьці да грыпу ў Сеціве. Напрыклад, сэрвіс FluTracker падлічвае колькасьць падцьверджаных выпадкаў захворваньня вірусам грыпу H1N1 і дадае іх на мапу Google Maps.
Атрымліваецца нядрэнная візуалізацыя распаўсюду вірусу, пры гэтым даволі актуальная (праўда, па Беларусі дагэтуль чамусьці толькі адзін хворы, хаця іх колькасьць на мінулым тыдні дасягнула 59 чалавек). Таксама на мапе даступная інфармацыя аб лятальных канцах.
FluTracker візуалізуе на мапе сьвету колькасьць хворых на сьвіны грып
Google не адстае і тут. У дадатак да мапы, на якой таксама можна пабачыць распаўсюд вірусу H1N1 па сьвеце, пашукавік дазваляе сачыць за інтарэсам карыстальнікаў да тэмы сьвінога грыпу праз пошукавыя запыты.
Рост пошукавых запытаў са словам «грипп» (чырвоны) і «свиной грипп» (сіні) беларускіх карыстальнікаў Google за апошні месяц
Высьвятляецца, што за апошнія чатыры дні беларусы сталі цікавіцца грыпам у 30 разоў болей, чым раней. Прычым слова «грипп» прысутнічае ў іх запытах у 2.2 разы часьцей за «свиной грипп».