Энэргія сонца падсьвеціць менскія мікрараёны

Менск пачаў абзаводзіцца ўласнымі сонечнымі батарэямі. Энэргію сонца ўжо выкарыстоўваюць для асьвятленьня пешаходнага пераходу і пад’ездаў шматкватэрнага дома. Праекты пакуль носяць экспэрымэнтальны характар.

Усьлед за домам «на батарэях» у сталіцы нядаўна зьявілася вулічная сьвяцільня, якая сілкуецца энэргіяй сонца. Як сьцьвярджаюць вытворцы, сонечная батарэя, усталяваная на вуліцы Данілы Сердзіча, поўнасьцю зараджаецца нават за кароткі зімовы сьветлавы дзень. За кошт назапашанай энэргіі працуе падсьвятленьне дарожнага знаку і лямпа, накіраваная на пешаходны пераход.

«Цэнтар Менску і так досыць добра асьветлены, а вось у мікрараёнах сустракаюцца «сьляпыя» ўчасткі дарогі», — распавёў карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» старшы інжынэр аддзелу тэхнічных сродкаў і сыстэм менскай ДАІ Зьміцер Кендыш.


Ня ўсё тое сонца, што глядзіць у ваконца. 60 лямпачак дому па Варанянскага ўжо сілкуюцца ад сонца. Фота БелаПАН

Калі экспэрымэнт апраўдае сябе, сонечныя сьвяцільні зьявіцца і ля іншых пераходаў гораду.

Высьвятленьня далейшага лёсу чакае і дом на вуліцы Варанянскага, дзе пад’езды асьветленыя дзякуючы расейскім сонечным батарэям. За эфэктыўнасьцю ўсталяваных на даху будынку батарэй зараз назіраюць экспэрты. Калі ідэя будзе прызнаная выгоднай, экалягічна чыстую тэхналёгію могуць пачаць выкарыстоўваць па ўсім Менску.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.109 seconds.