Сем чалавек загінулі ў выніку тэрарыстычнай атакі на пакістанскі ўнівэрсытэт
Як мінімум 7 чалавек, у тым ліку два тэрарысты-сьмертніка, загінулі і 20 раненыя пасьля двайнога выбуху на тэрыторыі Міжнароднага ісламскага ўнівэрсытэту ў сталіцы Пакістану Ісламабадзе. Усе школы і дзіцячыя садкі краіны зачыненыя.
Салдаты ахоўваюць будынак Міжнароднага ісламскага ўнівэрсытэту. Фота Reuters
Першы выбух адбыўся ў жаночым кафэтэрыі, дзе загінула як мінімум адна студэнтка, другі — на катэдры мусульманскага права. Як перадае Sky News, адзін падазроны арыштаваны.
Адзін з корпусаў ўнівэрсытэта, у якім навучаецца больш за 12 тысяч чалавек, у тым ліку некалькі соцень іншаземных студэнтаў, сур’ёзна пашкоджаны, перадае BBC.
Тэракты супалі з пачаткам вайсковай апэрацыі супраць талібаў у Паўднёвым Вазырыстане на захадзе Пакістану. Як перадае euronews, тэрарыстычныя атакі ў краіне адбываецца амаль штодзённа. У выніку выбуху на мінулым тыдні ў сталіцы Пакістану загінула каля 150 чалавек.