Эўразьвяз дазволіў крывыя агуркі

Не любы сьвежы і смачны агурок можа трапіць на прылаўкі гіпермаркетаў ЭЗ. Да нядаўняга часу форма гародніны дакладна, месцамі занадта, рэглямэнтавалася прадпісаньнямі эўрачыноўнікаў, што выклікала нямала насьмешак. Цяпер агуркі і іншая садавіна-гародніна атрымала нарэшце свабоду формы.

 

Яшчэ з 1998 году ў Эўразьвязе існавалі нормы, якія рэглямэнтуюць «скажэньне» агурка. З гэтай нагоды не сьмяяўся хіба што лянівы. А эўраскептыкі выкарыстоўвалі недарэчныя нормы для агітацыі супраць «бюракратычных монстраў з Брусэлю».

«Агуркі клясу „Экстра“ павінныя мець добрую форму і быць практычна роўнымі (максымальны выгін: дзесяць мілімэтраў на дзесяць сантымэтраў даўжыні)», — гаварылася ў нядаўна адмененай норме ЭЗ аб клясыфікацыі гародніны для гандлю. Больш крывыя агуркі, паводле загаду, атрымлівалі «пляму» другога гатунку і, адпаведна, гублялі ў кошце. На практыцы такія стандарты прывялі да таго, што ў супэрмаркетах ЭЗ хоць крыху крывых агурочкаў знайсьці было нерэальна.

Паводле Deutsche Welle, цяпер сяляне змогуць прадаваць такую гародніну, якой прырода іх створыць: крывымі, выгнутымі або сплюшчанымі.

 

Але недарэчная форма ня плод хворай фантазіі эўрачыноўнікаў, а патрабаваньне гандляроў, якім лягчэй было арганізоўваць дастаўку і разьмяшчэньне на прылаўках абсалютна роўных агуркоў. Такім чынам супэрмаркет заўжды ведаў, колькі агуркоў аднаго сорту і прыкладна аднаго памеру ён атрымае ў наступнай партыі. Таму новыя правілы, хутчэй за ўсё, нічога ня зьмяняць: агуркі застануцца ўсё такія ж прамыя.

Але дробныя фэрмэры, якія самі прадаюць сваю прадукцыю, дакладна выйграюць: цяпер яны больш не павінныя штампаваць на свае смачныя, натуральныя агуркі налепкі «другога гатунку» толькі празь «неідэальную» форму плоду.

Дарэчы, свабоду формы атрымалі больш чым два дзесяткі відаў садавіны і гародніны: морква, баклажаны, фасоля, капуста, шпінат, а таксама абрыкосы, вішні, сьлівы, дыні, арэхі і іншыя плады. Але дыскрымінацыя па «форменнай» прыкмеце засталася для, напрыклад, яблык, груш, ківі, клубніц, памідораў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0528 seconds.