Моладзь усё менш імкнецца зьехаць з краіны?

Апошнія сацыялягічныя дадзеныя кажуць аб тым, што да 40% моладзі жадаюць зьехаць зь Беларусі. Гэта лічба ўражвае толькі на першы погляд. Пасьля знаёмства з папярэднімі апытаньнямі такі адсотак выглядае нават пазытыўна: яшчэ 6 год таму зьехаць хацела ў паўтара разы болей моладзі.

Вялікі аналітычны даклад, падрыхтаваны Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) сумесна з сацыялягічнай лябараторыяй «Новак», прысьвечаны сацыяльнаму кантракту — пагадненьню беларусаў з уладамі, у межах якога апошняя атрымлівае ляяльнасьць у абмен на пэўныя выгоды. Частка дасьледаваньня, адведзеная на маладое пакаленьне, дэманструе зьмены, якія адбыліся ў моладзевым асяродку за апошні час.

На дадзены момант 40% моладзі жадаюць зьехаць зь Беларусі, кажуць вынікі дасьледаваньня. У сярэднім па насельніцтву гэты паказчык у два разы ніжэйшы. Яшчэ 14.7% ня здолелі адказаць, ці жадаюць яны зьехаць з краіны, то бок для іх гэта зьяўляецца дапушчальным варыянтам. А 12.5% — банальна ня маюць сродкаў для эміграцыі.

На думку сацыёлягаў, у выпадку непрыманьня сацыяльнага кантракту і нежаданьня удзельнічаць у акцыях пратэсту супраць гэтага кантракту людзі выбіраюць трэці шлях. Дасьледчыкі называюць гэты шлях выхадам. Выхад можа набываць розныя формы, а ў моладзі самы папулярная форма — эміграцыя.

«Моладзь валодае самымі ліквіднымі рэсурсамі (чалавечым капіталам), што, з аднаго боку, дазваляе ім спадзявацца на лёгкае працаўладкаваньне за мяжой. Але, зь іншага боку, гэтая ліквіднасьць прадугледжвае, што ва умовах крызысу наймальнікам лягчэй усяго адмовіцца менавіта ад іх паслуг», — адзначаюць дасьледчыкі BISS у сваёй аналітычнай справаздачы.

Такое «выйсьце» заўжды было папулярным мэтадам стварэньня зьменаў у жыцьці моладзі: самая мабільная частка грамадзтва імкнулася выехаць за межы краіны і 10, і 20 год таму.

Але за апошні час колькасьць жадаючых зьехаць зьменшылася. Аб гэтым кажуць вынікі параўнаньня рознай сацыялягічнай інфармацыі, якая станавілася даступнай за апошнія шэсьць год.


Параўнаньне сацыялягічных дадзеных аб моладзі, якая жадае зьехаць

Самыя старыя дадзеныя, якія атрымалася знайсьці, адносяцца да 2003 года. Тады 63,4% беларусаў ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў жадалі зьехаць з краіны на сталае месца жыхарства. Сярод усіх беларусаў гэты паказчык складаў 38,3%.

Яшчэ ў 2004 годзе эканаміст Яраслаў Раманчук пісаў у «Беларускай газеце» аб «каля 70% маладых людзей да 25 гадоў, якія жадалі б зьехаць з краіны». І дадаваў: «Калі б зьехалі ўсё тыя, хто жадае, праз 5 гадоў працаваць у краіне было бы няма каму. Сытуацыя нагадвае зыход ірляндцаў у Амэрыку ў XIX ст».

У канцы 2005 статыстычныя дадзеныя НІСЭПД казалі пра «амаль 50% моладзі да 30 год, якія б хацелі зьехаць за мяжу». А ў 2006-ым сталыя людзі раілі моладзі: «едзьце!». Амаль кожны трэці апытаны (30.7%) НІСЭПД лічыў, што для моладзі ў нашай краіне няма пэрспэктыў і лепш было б куды зьехаць. Сярод экспэртаў, якія таксама былі апытаныя цягам дасьледаваньня, такога меркаваньня прытрымліваўся ўжо кожны другі.

Вынік такой сытуацыі прыводзіць часопіс Аrche: «ня дзіўна, што людзі ва ўзросьце ад 16 да 30 год складаюць 40% ад усіх эмігрантаў, якія пакінулі Беларусь у апошнія тры гады».

Паколькі крыніцы дадзеных вельмі адрозныя, то цяжка рабіць нейкія больш-менш праўдзівыя вынікі з гэтых лічбаў. У любым выпадку, паляпшэньне эканамічнай сытуацыі, разьвіцьцё сеціўных тэхналёгій (знайсьці працадаўцу цяпер можна ў любой кропцы сьвету) і іншыя фактары даюць магчымасьць пэўнай частцы моладзі заставацца ў краіне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.