Брытанцы распрацоўваюць альтэрнатыву «небясьпечным» шкляным піўным пінтам

У межах антыкрымінальнай ініцыятывы пад назовам Design Out Crime, якую прасунаюць брытанскае МУС і Савет па дызайну, вырашана распрацаваць новы піўны куфаль ці кубак, які заменіць традыцыйныя шкляныя брытанскія пінты і стане больш бясьпечным. Аказваецца, у Вялікабрытаніі штогод адбываецца 87 крымінальных здарэньняў з удзелам шклянога посуду, і, найперш, пінтаў. А на альтэрнатыву ў выглядзе плястыкавых кубкаў піўныя аматары не вядуцца.

Як адзначае Савет па дызайну, зазвычай падвыпіўшыя брытанцы выкарыстоўваюць шкляныя пінты не зусім па прызначэньні. І штогадовы ўрон ад такіх «прыгодаў» сягае 100 мільёнаў фунтаў ($164 млн). Гэта з улікам затратаў на ахову здароўя, паліцыю і судовыя выдаткі.

Вядомыя і беларусам плястыкавыя кубкі замест шкляных куфляў прыжыліся на фэстах і іншых вулічных імпрэзах, аднак наведнікі брытанскіх пабаў плястык не прызнаюць і абіраюць традыцыйнае шкло. Цікава, што Асацыяцыя брытанскіх пабаў падтрымлівае заўзятараў шкляных куфляў і таксама выступае супраць замены іх на плястык ці іншы матэрыял з тлумачэньнем, што цяжкую шкляную пінту прыемна трымаць у рукох, ды і выглядае яна прыгажэй.

Такім чынам, трэба стварыць ня толькі бясьпечны куфаль, а яшчэ й прывабны для вытворцаў, прадаўцоў і піўных аматараў. Распрацоўкай новага дызайну зоймецца кампанія Design Bridge, якая пачынае працу ў двух кірунках. Адказны за праект дызайнэр Nick Verebelyi тлумачыць, што найперш паспрабуюць пакрыць шкло нейкім рэчывам, якое гарантуе, што кубак не паб’ецца на кавалкі. А другі варыянт — пошук цалкам новых матэрыялаў ці формаў.

З 1960-х гадоў традыцыйная брытанская шкляная пінта — гэта пузаты стакан без ручкі, названы Nonic, які зьмяшчае 568 мілілітраў. Кожны тыдзень жыхары Вялікабрытаніі выпіваюць 126 мільёнаў пінт. Сярэдняя «працягласьць жыцьця» шкляной шклянкі ў пабе складае тры месяцы. Дызайнэры спадзяюцца, што змогуць ажыцьцявіць рэвалюцыю, як калісьці на зьмену алавяным куфлям прыйшлі шкляныя. А першыя прататыпы дызайнаў новых куфляў абяцалі прадэманстраваць у сьнежні гэтага году.

Паводле Daily Mail

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3129 seconds.