На фэстывалі фэервэркаў «Навальніца» выступяць тры каманды-чэмпіёна Эўропы

У бліжэйшыя выходныя (28, 29, 30 жніўня) пад Менскам пройдзе першы ў Беларусі міжнародны фэстываль фэервэркаў «Навальніца». За тры дні гледачы змогуць убачыць выступы сямі піратэхнічных каманд, тры зь якіх рабіліся пераможцамі чэмпіянату Эўропы па вэрсіі асацыяцыі EUFIAS, які праводзіцца ў Нямеччыне.

У межах фэсту, які пройдзе ў САК «Лагойск», піратэхнічныя каманды пакажуць сваё майстэрства ў стварэньні ў небе вогненных карцін пад спэцыяльна абраны музычны акампанэмэнт. У конкурснай праграме возьмуць удзел шэсьць камандаў (па дзьве ў дзень). Рэзюмэ кожнай зь іх утрымлівае перамогі і прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах па фэервэрках.

  • «Minergis», Чэхія — чэмпіён Эўропы па вэрсіі EUFIAS, прызёр фэстываляў у Харватыі, Расіі, Польшчы.
  • «Pyro Moravia», Славакія — чэмпіён Эўропы па вэрсіі EUFIAS, прызёр фэстывалю ў Чэхіі.
  • «Blikas», Літва — пераможца фэстывалю ў Эстоніі, прызёр фэстываляў у Нямеччыне, Харватыі, Латвіі.
  • «Jup Fireworks», Нямеччына — пераможца фэстывалю ў Харватыі.
  • «Le Fir», Францыя — прызёр фэстываляў у Францыі (Ансі, Жэрармэ, Ліль).
  • «Petarde», Латвія — прызёр фэстываляў у Расіі і Латвіі.

Апроч гэтага ў трэці дзень гледачы змогуць убачыць пазаконкурсны гранд-фэервэрк беларускай каманды «Кальвін», пераможцы чэмпіянату Эўропы па вэрсіі EUFIAS і фэстывалю ў Чэбаксарах (Расія), прызёра фэстываляў у Эстоніі, Латвіі і Калінінградзе.

Праграма ўсіх фэстывальных дзён пачынаецца ў 20:00. Акрамя выступаў майстроў фэервэрку, гледачоў кожны вечар чакае жывая музыка ў суправаджэньні сцэнічных піратэхнічных эфэктаў. Музычнымі хэдлайнэрамі фэстывалю будуць «J:морс» (28 жніўня), «Ляпіс Трубяцкой» (29 жніўня) і «Палац» (30 жніўня). Па заканчэньні выступаў піратэхнікаў і гуртоў (прыкладна ў 23.30), у першыя два дні да 5 раніцы гледачоў чакае начная электронная праграма з удзелам DJ Top, DJ IFU, DJ Arsenti Tchouprina, DJ Shishkin, DJ Light PM.

Да пляцоўкі фэстывалю можна дабрацца на ўласным транспарце або на спэцыяльным аўтобусе, які ў дні правядзеньня мерапрыемства будзе курсіраваць ад ст.м. «Усход» з 17.00 (арыенцір — прыпынак у напрамку раёна «Уручча»). Кошт праезду ў абодва бакі — 6 000 руб. Аплата бярэцца за дарогу туды і назад пры пасадцы ў Менску.

Адзіны квіток на ўсе дні фэстывалю каштуе 100 тыс. руб. Дзеці да 12 гадоў у суправаджэньні бацькоў — бясплатна. Білеты на асобныя дні 45 тыс. руб. (28 і 30 жніўня) і 60 тыс. руб. (29 жніўня). Набыць іх можна ў касах Палаца Рэспублікі, КЗ «Мінск», у грамадзкіх распаўсюднікаў. Даведка і замова: (025) 952 45 55. 

12:25, 26/08/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.