Навукоўцы зразумелі, чаму мы ніколі не забываем, як кіраваць роварам

Мы ніколі не забудземся на тое, як езьдзіць на ровары. І брытанскія навукоўцы зразумелі чаму. Уся справа ў мазжачку, кажуць яны.

Дасьледаваньне, апублікаванае групай навукоўцаў з Унівэрсытэту Абердзіна (Лёндан) ў выданьні Nature Neuroscience, выявіла ключавыя нэрвовыя клеткі мозга, якія адказваюць за фармаваньне ўспамінаў для маторных навыкаў. А язда на ровары ці катаньне на лыжах і ёсьць маторныя навыкі.

Навукоўцы працавалі над разуменьнем сувязяў паміж нэрвовымі клеткамі ў мазжачку, часткай мозга, неабходная для навучаньня скаардынаваным рухам. Яны выявілі асобы віды нэрвовых клетак, якія працуюць «вартаўнікамі» мозга. Як толькі нэрвовы імпульс пакідае мазжачок, «вартаўнікі» спрацоўваюць і перакладаюць сыгнал на мову, зразумелую ва ўсіх частках мозга.

«Нам было цікава зразумець, як кадуюцца ўспаміны мозга, — кажа доктар Вульф, кіраўнік дасьледаваньняў. — Мы вынайшлі нэрвовыя клеткі, якія ператвараюць сыгнал з мазжачку ў агульны код. Гэты код і ёсьць наша памяць».

Такім чынам, новыя маторныя навыкі ператвараюцца ў код, які застаецца ў мозгу дзякуючым «вартаўнікам».

Адкрыцьцё можа пракласьці шлях да прагрэсу ў стварэньні пратэзаў, якія б імітавалі звычайныя функцыі мозга. Гэта б дапамагло людзям, якія пакутуюць на інсульт альбо рассеяны склероз.

«Нашы вынікі вельмі важныя для людзей, якія цікавяцца тым, як мозг апрацоўвае інфармацыю і рыхтуе і захоўвае ўспаміны. Калі-небудзь гэтыя высновы могуць быць ужытыя для пабудовы пратэзаў», — дадае доктар Вульф.

Паводле PhysOrg.com

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.