Пракурор супраць дактароў: ці выпісваць супрацьзачаткавыя сродкі швэдзкім падлеткам?
Сэксуальныя скандалы працягваюць бударажыць Швэцыю. Юрысты абвінавачваюць дактароў, якія выпісваюць кантрацэптывы падлеткам да пятнаццаці гадоў, у саўдзельніцтве ў згвалтаваньні.
А ўся справа ў адносна новым законе, які разглядае сэкс з асобай да 15, як згвалтаваньне. І гэта правіла дзейнічае нават тады, калі сэксуальны акт адбыўся па ўзаемнай згодзе.
Фота Shemer
Прадстаўнік грамадзкага пракурору Мікаэль Хамарстрэнд (Mikael Hammarstrand) лічыць, што працаўнікоў аховы здароўя, якія выпісваюць супрацьзачаткавыя таблеткі дзяўчынкам да 15, трэба абвінавачваць у саўдзельніцтве ў згвалтаваньні.
Як піша медыцынская газэта Dagens Medicin, зараз акушэры асьцерагаюцца выпісваць супрацьзачаткавыя сродкі падлеткам і чакаюць моманту, пакуль ня будзе дадзена выразнае юрыдычнае тлумачэньне закону. Швэдзкі нацыянальны аддзел аховы здароўя і дабрабыту ня згодны з пракурорскімі абвінавачваньнямі.
На думку дактароў, іх галоўны абавязак — гэта абарона маладых дзяўчынак ад непажаданай цяжарнасьці.
«Бо дзяўчынкі, якія прыходзяць за кантрацэптывамі, ужо мелі сэксуальны вопыт.— кажа Лена Марыёз (Lena Marions), галоўны ўрач клінікі Каралінскага ўнівэрсытэту. — І яны будуць займацца сэксам і надалей, нават калі лекары ня будуць выпісваць таблеткі.
Паводле The Local