Працуй да старасьці — пазьбегнеш маразму

Калі працаваць і на пэнсіі, можна прадухіліць разьвіцьцё старэчага недаўсьціпу. Аб гэтым кажуць дадзеныя дасьледаваньня, праведзенага брытанскімі навукоўцамі.

Як перадае BBC, экспэрты Інстытута псыхіятрыі Каралеўскага каледжу ў Лёндане прааналізавалі дадзеныя аб 1320 пацыентах, якія пакутуюць на дэмэнцыяю, ці старэчы недаўсьціп. Сярод гэтых хворых было 382 мужчыны.

Падчас дасьледаваньні навукоўцы прыйшлі да нечаканых высноў — высьветлілася, што мужчыны, якія працягвалі працаваць да старасьці і захоўвалі такім чынам актыўнасьць мозгу, пачыналі пакутаваць на недаўсьціп пазьней, чым тыя, хто вёў пасіўны лад жыцьця на пэнсіі.

Дэмэнцыя характарызуецца ўстойлівым зьніжэньнем псыхічных функцый і разумовых здольнасьцяў у выніку масавай страты клетак мозгу. Гэта выяўляецца ў агульнай замаруджанасьці псыхічнай дзейнасьці, пагаршэньні памяці і магчымых галюцынацыях. Адной з праяваў дэмэнцыі лічыцца хвароба Альцгеймера.

Экспэрты кажуць, што адным са спосабаў барацьбы з гэтым працэсам зьяўляецца пабудова як мага большай колькасьці сувязяў паміж клеткамі ў выніку высокай псыхічнай і сацыяльнай актыўнасьці, якая захоўваецца на працягу ўсяго жыцьця.

Па словах аднаго з аўтараў дасьледаваньня, прафэсара Саймана Лавстоўна, інтэлектуальнае стымуляваньне, якое пажылыя людзі атрымліваюць на працоўным месцы, можа прадухіліць зьніжэньне разумовых здольнасьцяў і зьменшыць верагоднасьць узьнікненьня такіх захворваньняў, як хвароба Альцгеймера.

Захаваньне працаздольнасьці да глыбокай старасьці, на жаль, не дае гарантыі, што недаўсьціп ніколі не пастукаецца ў вашу браму. Аднак, па падліках навукоўцаў, кожны дадатковы год працы аддаляе рызыку разьвіцьця хваробы Альцгеймера на шэсьць тыдняў.

Аднак доктар Сюзан Сорэнсэн, дырэктар дасьледаваньняў Alzheimer’s Society, кажа, што колькасьць пацыентаў, якія ўдзельнічалі ў дасьледаваньні, недастатковая, каб рабіць канчатковыя высновы.

Цяпер больш людзей, чым калі-небудзь, сыходзяць на пэнсію значна пазьней, каб зьменшыць фінансавыя страты. Цяпер для іх зьявіўся яшчэ адзін стымул працаваць даўжэй — зьніжэньне рызыкі дэменцыі

Аўтары дасьледаваньня таксама прызнаюць, што характар паводзін людзей на пэнсіі моцна зьмяніўся і што для шматлікіх пэнсіянэраў гэты пэрыяд жыцьця можа быць гэтак жа інтэлектуальна насычаным, як і праца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2664 seconds.