Сьвіслач па-за сьпісам каштоўнасьцяў

Сьвіслач Свіслач

У ХІ стагодзьдзі замак у Сьвіслачы быў апошняй цьвярдыняй, што сустракала плыні аднайменнай рэчкі перад яе зьліцьцём зь Беразіной. На колішнія межы Полацкага княства наша новае «ПраДарожжа».

Сьвіслач Свіслач
13 чэрвеня 1655 казацкі атаман Залатарэнка па загадзе цара Аляксея Міхайлавіча зруйнаваў замак.

Над пакрытай смугой шэрай раўнінай ужо тысячагодзьдзе ўзвышаецца агромністы земляны вал. На вяршыні яго — мэтровай таўшчыні цагляныя сьцены, быццам вялізнай сякерай расьсечаныя на часткі. Углядаесься ў смугу, чакаеш, што вось-вось з-пад вады халоднай Беразіны праступяць цені соцень забітых тут татараў і ўкраінцаў, беларусаў і палякаў, воінаў, якія змагаліся за старажытную цьвярдыню. Яны ўзялі яе, разрабавалі і кінулі на міласьць багоў, нікому ўжо не патрэбную, сьвіслацкую крэпасьць.

У ХІ ст. палачане заснавалі на сваёй мяжы, у Сьвіслачы, драўляную крэпасьць. Выконвала яна свае функцыі да 1655 году, пакуль падчас вайны Рэчы Паспалiтай з маскоўскай дзяржавай украінскія казакі ўзялі крэпасьць і спалiлi яе.

Сьвіслач Свіслач
Вежы і паркан Сьвіслацкага замку будавалі сяляне воласьці і прылеглых да яе маёнткаў, а таксама сьвіслацкія мяшчане.

Ад той крэпасьці зараз засталіся толькі рэшткі земляных валоў і рову. Руіны, якія лёгка ўспрымаюцца як частка былога замку, на самой справе ёсьць проста рэшткі гаспадарчай пабудовы XIX ст., што, аднак, ніколькі не зьмяншае прыцягальнасьць і таямнічасьць мясьціны.

Сьвіслач Свіслач
Руіны мураванага будынка, які ўспрымаецца як частка замкавай забудовы, на самой справе датуюцца XIX ст.

Па-за сьпісам

Цікава, што гэты першаклясны аб’ект турызму зараз ніяк не ахоўваецца дзяржавай, бо ня ўнесены ў сьпіс гiсторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Як мяркуе гісторык-этноляг Антон Астаповiч, «над сьпiсам каштоўнасьцяў, якi быў зацьверджаны ў 2007 годзе, у асноўным працавала мясцовае чынавенства. Каб было менш клопату, шматлiкiя аб’екты папросту iгнаравалiся».

Сьвіслач Свіслач
Адзін з нешматлікіх мураваных дамоў у мястэчку

Сьвіслацкая грамада, у бальшыні сваёй, мае спэцыфічны погляд на гісторыю крэпасьці і яе будучыню. Адзін з супрацоўнікаў мясцовага ЖЭСу распавядае, што на месцы замка «жыў польскі пан». А сам замак «хацелі аднавіць, зрабіць рэстарацыю, паставіць царкву. Але тое не дазволілі», — бядуе мясцовы жыхар.

Сьвіслач Свіслач

Як даехаць

Ад Менску да Сьвіслачы 136 кілямэтраў.
Электрацыя
: даехаць да Асіповіч, пасьля перасесьці на электрацыю ў бок Магілёву. Даехаць да станцыі Ялізава (40 хвілін). Зь Ялізава ёсьць аўтобусы у сем і восем гадзін увечары, а таксама ў 13:54. Маюцца маршруты, якія ходзяць у залежнасьці ад дня тыдня. Іх расклад варта ўдакладняць.
Аўтобусы: з Асіповіч кожны дзень ходзіць аўтобус у 17:30. З Бабруйску ў 12:40.

 Мапа рэгіёну

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

А наступнае ПраДарожжа працягваем па Бабруйску й ваколіцах!

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0671 seconds.