Арганізатары падвялі вынікі фэстывалю рэклямы «Белы квадрат»

 

У Менску прайшла цырымонія закрыцьця першага фэстывалю рэклямы «Белы квадрат». У рамках фэсту, які на працягу трох дзён праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы, удзельнікі знаёміліся з працамі рэклямшчыкаў зь дзесятку краінаў сьвету, а таксама змагаліся за права лічыцца найбольш крэатыўнымі ў 63 намінацыях 12 рэклямных конкурсаў, што праходзілі ў межах фэсту.

Як адзначыла дырэктарка фэстывалю Алена Усьціновіч, «Белы квадрат — гэта фэст-кактэйль, у якім мы спрабавалі спалучыць шмат».

Сярод галоўных посьпехаў арганізатараў фэсту экспэрты адзначаюць вялікую колькасьць конкурсных працаў, якія былі прадстаўленыя беларускімі і замежнымі рэклямнымі агенцыямі. На фэст было прадстаўлена больш за 750 прац.

Сьвежым вокам

Асноўным крытэрам, па якім ацэньваліся працы, была цікавасьць, арыгінальнасьць, нестандартнасьць і сьвежасьць ідэі. Работы, якія паўтаралі былыя хады і прыёмы, высока не ацэньваліся. Цікава, што некаторыя працы ўжо перамагалі на маскоўскіх і ўкраінскіх рэклямных фэстах, што, аднак, не засмуціла далёкіх ад нашага рынку экспэртаў зь Нямеччыны і Чэхіі, якія таксама ўваходзілі ў журы фэсту.

Ацэньваючы ўзровень прац і якасьць фэстывалю чэх Даніэль Ружычка, крэатыўны дырэктар Young & Rubicam Prague, «не пабачыў у нашым фэстывалі нічога новага».

«Фэстываль падобны на іншыя такія ж усходнеэўрапейскія», — зазначыў Даніэль. «Можа, у тым нашая задача стварыць асаблівасьці беларускага рэклямнага рынку», — працягнулі думку астатнія экспэрты. 

Хаця беларускімі была палова ўсіх прадстаўленых на конкурс прац, большасьць узнагародаў зьехала ва Ўкраіну.


Улад Савельеў дэманструе лепшыя на яго думку працы крэатыўшчыкаў

«Беларускі рэклямны рынак яшчэ адстае ад усіх рынкаў на гады», — кажа Ўлад Савельеў, вядучы капірайтэр рэклямнай агенцыі «Крынь». «Але наша, беларуская агенцыя заняла другое месца па колькасьці ўзнагародаў, пасьля кіеўлян, а таксама адно зь дзьвюх гран-пры».


Гран-пры ў намінацыі «друкаваная прадукцыя».

Але ня ўсе ўдзельнікі рынку да канца разумеюць асаблівасьці працы рэклямістаў. Напрыклад, у катэгорыі «друкаваная рэкляма» была заяўлена візытоўка баяніста. Але гэта праца не адпавядала крытэрам конкурсу.

«У тым і палягае вялікая місія фэстывалю: навучаньне людзей узроўню работ і крытэрам іх адбору да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах», — адзначылі сябры журы.

«Хто хацеў, той прачытаў і прыйшоў»

Хоць фэстываль і мае ў назьве слова «першы», ён далёка ня першая падзея падобнага накірунку ў Беларусі. Да яго пад менскім небам ужо праходзілі фэсты «Залаты воўк» і «Эўралінія».

Ці то крызыс наклаў цень на фэст, ці то перадвелікодны тыдзень, але арганізатары не маглі пахваліцца вялікай колькасьцю ўдзельнікаў.

«Хто хацеў, той прачытаў і прыйшоў», — такі ляйтматыў гучаў на фінальнай прэс-канфэрэнцыі па выніках фэсту.

«Любы маркетоляг мусіць быць на фэстывалі, каб разумець, што актуальна. Але ці хіба ёсьць у Менску болей прафэсіяналаў, чым прысутных тут? Вы не параўноўвайце з Масквой ці Кіевам, бо маштабы зусім розныя», — лічыць Яўген Юнаў, крэатыўны дырэктар РА Primary Saatchi&Saatchi Belarus.

«Не такая ўжо ў нас і вялікая індустрыя ў Беларусі. Можа ня ўсім было лёгка вырвацца пасярод тыдня на фэст», — мяркуе Улад Савельеў.

Што да крызысу, то, як адзначыў адзін з экспэртаў фэсту Віталь Какошка, рэжысёр і дырэктар кампаніі «Кинограф» (Украіна) «час крызысу ўжо мінуў».

«Калі ён наступіў, усе спужаліся і адступілі крок назад. Зараз — залаты час. Менавіта цяпер адбываецца перадзел рынкаў і гэта добры момант, каб пашырыць сфэру ўплыву. У каго ёсьць розум і інвэстыцыі — стане яшчэ больш моцным і зьменіць пажаданьні людзей на сваю карысьць».

Наступны фэстываль рэклямы плянуецца правесьці ў Менску праз год.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1649 seconds.