З 2010 года пры перасячэньні ўкраінскай мяжы ў беларусаў будуць браць адбіткі пальцаў

Адбіткамі пальцаў беларусаў цяпер цікавіцца ня толькі роднае МУС. Хутка і ўкраінскія памежнікі будуць здымаць «пальчыкі» пры мытным даглядзе.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Закон, які абавязвае замежнікаў і асоб без грамадзянства для наведваньня Ўкраіны прадстаўляць свае адбіткі пальцаў. У прыватнасьці, гэты закон прадугледжвае, што ўсе жадаючыя наведаць Украіну павінны фіксаваць адбіткі пальцаў падчас афармленьня ўязной візы.

Што да Беларусі, якая мае бязьвізавы рэжым з Украінай, то ў яе грамадзян будуць браць адбіткі адразу пры праходжаньні мытнага кантролю на мяжы.

Новыя правілы ўступяць у дзеяньне са студзеня 2010 года, калі, канешне, Вярхоўная Рада ня прыме іншыя правілы перасячэньне мяжы.

Зараз ва Ўкраіне гучна абмяркоўваюцца прапановы вярнуць візавы рэжым з краінамі Эўразьвязу, які быў скасаваны з прыходам аранжавай кааліцыі да ўлады. Грамадзяне краінаў ЭЗ могуць трапіць ва Ўкраіну бязь візы, у той час, як украінцы плацяць за візу 35 эўра (беларусы 60).

Тым часам 25 сакавіка Эўрапарлямэнт прыняў рашэньне зьмяніць правілы атрыманьня візаў для ўезду ў ЭЗ. Пасьля ўвядзеньня новай візавай інфармацыйнай сыстэмы (VIS) візы будуць утрымліваць біямэтрычныя дадзеныя: лічбавую фатаграфію і адбіткі пальцаў. Сыстэма пачне дзейнічаць таксама з 2010 года.

Паводле BBC Ukrainian

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.8025 seconds.