Рэпэр Vinsent прэзэнтаваў першы альбом «Пачатак» канцэртам у «Гудвіне»
Маладога музыку падтрымалі «калегі па рэпу» Вожык і гурт «Lunclan». Каля сотні прыхільнікаў сабралася 15 красавіка ў менскім клюбе «Гудвін» на рэпаўскую вечарыну з прэзэнтацыяй першага альбому Vinsent’а «Пачатак». Як гэта было — у фотарэпартажы з канцэрту на Generation.bY.
Альбом выйшаў у лютым. Усе тэксты напісаў Vinsent, а над музычным бокам альбому працаваў шэраг таленавітых бітмэйкераў: Explosive Beats, BeatCheat, Xenothermal, Max Korzh, DJ Dudar.
На канцэрце прыхільнікі падпявалі ўжо знаёмыя тэмы й падказвалі куплеты. Адзін глядач эфэктна выканаў кавалак песьні замест Vinsent’у наўпрост на танцпляцы. На працягу гадзіннага сэту Vinsent прэзэнтаваў песьні з першага альбому, а таксама новы трэк — «Слава героям», прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму.