Беларусы па ўсім сьвеце пачынаюць «пыхцець за Беларусь»
У эмігранцкім асяродку беларусаў нарадзілася ідэя сумясьціць заняткі спортам і асьветніцкую дзейнасьць. Ініцыятары акцыі «пыхцім за Беларусь!» прапануюць беларусам па ўсім сьвеце заняцца ранішнімі прабежкамі, паралельна распавядаючы на камэру пра дзівосы тых мясьцінаў, дзе яны ўжо пабывалі.
Ідэя віртуальна бегаць разам нарадзілася ў Сяргея Сматрычэнкі (Вена) і Тацяны Нядбай (Люблін). Пасьля яе разьвіў літаратар Віталь Воранаў, які зараз жыве ў чэскім горадзе Брно. Віталь дадумаў назву акцыі і прапанаваў наваяўленым бегунам дзяліцца ўражаньнямі празь Сеціва.
Як паведамляюць арганізатары, акцыю ўжо падтрымалі такія гарады, як Варшава, Вена, Брно, Люблін і Менск.
Так апісвае ў сваім дзёньніку матывацыю ўдзельнічаць у акцыі паэтка Тацяна Нядбай:
«Раней мы ў скайпе толькі бухалі, а потым дацямілі, што трэба гэта нечым ураўнаважыць (напрыклад, здаровым ладам жыцьця) і разнастаіць (напрыклад, культурнай праграмай), да таго ж, калі рэжым падзе, мы мусім быць у добрай фізычнай форме і ўсебакова (шматвэктарна) разьвітымі асобамі. А то раптам заўтра вайна, а ў нас вэктар толькі ў адзін бок паказвае».
Як адзначае Віталь Воранаў, галоўная фішка акцыі — «пасьля супольнай прабежкі паказаць, апавесьці сябрам, што ты бачыў, па якой трасе бег, якое было надвор’е і што ўразіла. У выніку атрымліваецца, быццам вы сапраўды бегаеце разам. Апроч таго, бег становіцца ня толькі спортам, а яшчэ сацыяльным і пазнавальным мерапрыемствам».
«Нашы прабежкі ня маюць прымусовай формы: адзін чалавек можа прабегчы 500 мэтраў, а другі — трасу маратону. Галоўнае падзяліцца пасьля ўражаньнямі. Праз ЖЖ, ці іншую кантактную пляцоўку, на якой можна выкладаць фота, відэа, можна нават запісваць на дыктафон. Акрэсьленай формы няма, і ў гэтым увесь цымус ініцыятывы. Неакрэсьленасьць стымулюе крэатыўнасьць», — дадае Віталь Воранаў.
Віталь Воранаў ужо выклаў у Сеціве невялічкі аповед пра вілу Тугендхат у Чэхіі.
«Мы не чакаем, што акцыя выльецца ў масы і заўтра па вуліцах Беларусі і замежжа будуць бегаць тысячы людзей з фотакамэрамі. Лепш гэта будзе меншая, але адданая і творчая група сяброў».
У час наступнай прабежкі Віталь Воранаў плянуе забегчы ў замак Шпільбэрг ў Брно, а таксама да прорвы Мацоха.
«Усё, што пабачу я, пабачыце і вы», — абяцае літаратар.
Каб далучыцца да акцыі, яе ініцыятары прапануюць рабіць прабежкі па цікавых мясьцінах кожную нядзелю ў 7 гадзін цэнтральнаэўрапейскага часу (8 гадзін беларускага).