Японцы пачынаюць выпускаць «бясконцае піва»
Адна з тэорыяў папулярнасьці піва заключаецца ў адмысловым гуку «пшш...» пры адкрыцьці банкі і шуме піва пры наліваньні ў куфаль. Прадпрымальныя японцы і на гэтым робяць бізнэс. У чэрвені на рынак выводзіцца «Бясконцае піва». І хоць ніякага піва ў шклянках няма, вытворцы плянуюць толькі за гэты год прадаць 50 мільёнаў шкляначак па $8,3 за штуку.
Прадукт уяўляе з сябе мэталічны слоічак дыямэтрам 55 мм, таўшчынёй 27 мм і вагой у 35 грамаў. Унутры знаходзяцца дзьве батарэйкі, а д якіх і працуе новы піўны цуд. Пры адкаркоўваньні банкі зьяўляецца характэрны гук «пшш...» і рэалістычны шум наліваньня піва ў куфаль. Адчыняць можна бясконца — у гэтым і «фішка» бясконцага піва (Mugen Beer). А праз кожныя 30 адкрываньняў яшчэ і галасавы сюрпрыз зьяўляецца — шклянка можа казаць «я хачу піць».
Пра тых, хто аддае перавагу газіроўцы, а ня піву, японцы таксама падумалі. Апроч чатырох піўных банак, у звычайных прадуктовых і ў крамах цацак будуць прадавацца яшчэ дзьве быццам бы з газіроўкай. Пры адкрыцьці зь іх ідзе водар колы альбо сідру.
Японская кампанія Bandai умее зарабляць грошы, здавалася б ні на чым — на суцэльным крэатыве ці на людзкіх слабасьцях. Так, сярод іншых прадуктаў кампаніі будзільнік, у які трэба страляць з пісталету, каб выключыўся, а таксама PuchiPuchi — сапраўднае выратаваньне для тых, хто любіць лопаць пупырышкі абгортачнай поліэтыленавай плёнкі.
Паводле Gizmodo