29% менскіх студэнтаў у выпадку парушэньня іх правоў ня робяць нічога

У верасьні-кастрычніку 2008-га году моладзевая прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» наладзіла апытаньне сярод 640 менскіх студэнтаў. Днямі яго вынікі зьявіліся ў Сеціве ў выглядзе pdf-брашуры «Правы студэнтаў».

 

У адным з пытаньняў студэнты абіралі, якія правы найбольш парушаюцца ў іх навучальнай установе:

  • права на ўплыў на зьмест вучэбных плянаў і праграмаў — 40%
  • права на вольнае наведваньне мерапрыемстваў, якія ладзяцца па-за межамі навучальнага пляну (дэманстрацыі, шэсьці, пікетаваньні, канцэрты) — 39%
  • права на свабоду ад прымусовай працы ў кантэксьце абавязковага разьмеркаваньня — 36%.
  • права на атрыманьне інтэрнату ці матэрыяльнай падтрымкі пры аплаце жыльля — 36%
  • права на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне — 33%
  • на льготныя ўмовы харчаваньня і мэдабслугоўваньне — 25%
  • на свабоду ад прымусовай працы ў выглядзе суботнікаў, прыборак і выездаў «на бульбу» — 22%
  • на выбар мовы навучаньня — 22%
  • на абскарджваньне рашэньняў адміністрацый ВНУ — 17%
  • на свабоду аб’яднаньняў — 17%
  • на ўдзел у самакіраваньні — 10%
  • на адтэрміноўку ад войска ў час навучаньня — 1%.

Яшчэ 27% абралі прапанаваны адказ «выкладчыкі не даюць спаць на парах:)». Цікава, што на пытаньне, якія дзеяньні прадпрымаюць студэнты пры парушэньні іх правоў, лідуюць адказы: вырашаюць з дапамогай бацькоў, знаёмых ці сяброў — 31%, зьвяртаюцца ў адміністрацыю ВНУ — 30%, ня робяць нічога — 29%.

У той жа час, толькі 34% адзначылі пра вынікі сваіх дзеяньняў па абароне правоў студэнтаў. Большасьць апытаных адзначыла, што спробы абараняць свае правы ня прынесьлі ніякага выніку:

  • няма ніякага выніку — 56%
  • станоўчыя зрухі — 25%
  • частковае рашэньне праблемы — 12%
  • адмоўны вынік — 7%.

Зрэшты, у іншым пытаньні 63% адказалі, што хацелі б удзельнічаць у дзеяньнях, накіраваных на абарону іх правоў.

Студэнты запаўнялі анкету з 17-ці пытаньняў празь Сеціва і непасрэдна ў навучальных установах. Усяго ў анкетаваньні прыняло ўдзел каля 640 навучэнцаў і студэнтаў з 33-х дзяржаўных і прыватных навучальных установаў Менску. 61% з апытаных навучаецца на бюджэце, 39% — на платнай аснове.

Арганізатары анкетаваньня спадзяюцца, што іх праца будзе карыснай для адміністрацый навучальных установаў, выкладчыкаў, студпрафсаюзаў, самакіраваньню, самім студэнтам і працуючым са студэнтамі праваабарончым ці моладзевым арганізацыям. Апытаньне ладзілася ў супрацы зь Міжнароднай Сеткай — Моладзевы Праваабарончы Рух, Міжнароднай сеткай па правах студэнтаў і РПГА «Беларускі Хэльсынскі Камітэт».

  • PDF-вэрсію брашуры «Правы студэнтаў. Вынікі анкетаваньня студэнтаў вучэбных устаноў Менска» можна спампаваць тут.
tarka 15:50, 23/03/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0687 seconds.