Па Менску ў пошуках Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Каля паўсотні прыхільнікаў ірляндзкай культуры разам з сапраўдным ірляндцам прайшлі ўчора па вуліцах Менску, такім чынам прадэманстраваўшы, што і ў Беларусі таксама жыве памяць аб сьвятым Патрыку і зялёным трылісьніку. Скончылася шэсьце, па даўняй беларускай традыцыі, сустрэчай з амапаўцамі.

Сьвяточны парад, як гэта дзейства анансавалі яго арганізатары — некалькі менскіх клюбаў ірляндзкіх танцаў — традыцыйна распачаўся ля помніку Янку Купалу і прайшоў па ходніках галоўнага праспэкту сталіцы. Шэсьце было прысьвечанае Дню сьвятога Патрыка. Гэта сьвята ёсьць вельмі папулярнай ва ўсім сьвеце нагодай прайсьціся па праежджых частках мэгаполісаў і прыгадаць добрым словам краіну, якая падаравала сьвету знакамітага прапаведніка хрысьціянства і піва «Гінэс».

Дзень Сьвятога Патрыка

У Беларусі сьвята адзначаюць больш сьціпла. Амаль кожны з удзельнікаў шэсьця меў на сабе нешта зялёнае: ці то шалік, ці то спадніцу, ці ўвогуле зялёна-бела-памаранчовы сьцяг Ірляндыі ў руках альбо намаляваны на шчоках. Нехта імкнуўся да большага падабенства да натуральных ірляндцаў, апрануўшы ў гэты марозны пахмурны дзень традыцыйныя мужчынскі спадніцы — кілты.

Дзень Сьвятога Патрыка

Адзіны ж сапраўдны ірляндзец Лім — ветлівы сівабароды спадар у чорнай шапачцы і акулярах — вылучаўся ў гэтым натоўпе шчасьлівай беларускай моладзі хіба што сваёй надта ўжо абыдзеннай вопраткай:

«Я назіраю за сьвяткаваньнем Дня сьвятога Патрыка ў Менску з 1999 года. З тых часоў колькасьць удзельнікаў і маштаб сьвята ўзрастаюць з кожным годам, — прыгадвае Лім. — У Ірляндыі Дзень сьвятога Патрыка — гэта вельмі значнае, вясёлае і яркае сьвята. Гэта лепшы дзень у годзе. У Дубліне сёньня вялікае сьвята…

Цікаўнасьць да ірляндзкай культуры ў Беларусі ўсё больш узрастае, дзякуючы, перш за ўсё, заняткам ірляндзкімі танцамі. У Менску праводзяцца фэстывалі, прысьвечаныя нашым танцам, што ўзмацняе папулярнасьць ірляндзкай культуры», — адзначае Лім, які ўжо шмат год працуе ў адной з гуманітарных місій у Менску.

Паступова, губляючы сьцягі і ўдзельнікаў, шэсьце дабралася да плошчы Якуба Коласа. Там фанатаў Патрыка чакалі яшчэ адныя даўнія прыхільнікі ўсяго зялёнага — беларускія амапаўцы, якія паведамілі аб несанкцыянаванасьці шэсьця і прапанавалі разысьціся. Удзельнікі шэсьця зьвярнулі ірляндзкія сьцягі. Сьвята перайшло ў менш фармальнае русла з абавязковым ірляндзкім гінэсам, кошты на які некаторыя менскія рэстарацыі ў гэты вечар адмыслова зьнізілі.

Дзень сьвятога Патрыка — дзяржаўнае сьвята Ірляндыі, прысьвечанае сьвятому Патрыку — заступніку Ірляндыі. Згодна зь легендай, эпіскап Патрык памёр 17 сакавіка 493 года. З тых часоў гэтую дату адзначаюць штогод. Сымбаль сьвята — трылісьнік — выява ліста канюшыны.

Фотарэпартаж з шэсьця да Дня Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Дзень Сьвятога Патрыка

Аўтар фота - Julia Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1089 seconds.