Праваабаронцы абвясьцілі конкурс творчых працаў на тэму сьмяротнага пакараньня

На сёньня Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу выконваюць сьмяротныя прысуды. У студзені 2009 году ў Беларусі распачалася кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня».

 

Да кампаніі далучыўся шэраг вядомых людзей Беларусі: Уладзімір Арлоў, Кася Камоцкая, Каця Пытлева, Уладзімір Пугач, Зьміцер Вайцюшкевіч, Тамара Лісіцкая і іншыя.

А зараз ініцыятары кампаніі абвесьцілі конкурс творчых працаў на тэму сьмяротнага пакараньня. Конкурс праводзіцца пад эгідай праваабаронцаў і такіх арганізацыяў, як Беларускі Хэльсынскі Камітэт, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Пэн-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Праз конкурс праваабаронцы хочуць прыцягнуць увагу грамадзтва і дзяржавы да праблемы сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Удзельнікам конкурсу прапануецца выказаць сваё стаўленьне да выключнай меры пакараньня — сьмяротнай кары.

Умовы ўдзелу ў конкурсе:

  • Творчыя працы па праблеме сьмяротнага пакараньня прымаюцца толькі ў электронным выглядзе памерам ня болей за 3 друкаваныя старонкі.
  • Калі ласка, дасылайце свае працы да 25 траўня 2009 году на электронную скрыню nash.konkurs@gmail.com
  • У лісьце пазначайце кантактную інфармацыя, імя і прозьвішча аўтара.
  • Пераможцы конкурсу атрымаюць прызы, а лепшыя працы будуць апублікаваныя на сайтах арганізатараў і патрапяць у адмысловы зборнік творчых працаў.
  • Арганізатары конкурсу пакідаюць за сабой права далейшага выкарыстаньня конкурсных прац з указаньнем імя аўтара ў асьветніцкай і іншай дзейнасьці, скіраванай на прасоўваньне і абарону правоў чалавека.

Навіны з кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» даступныя праз спасылку http://spring96.org/be/tags/smjarotnae-pakaranne/

tarka 11:00, 13/03/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0056 seconds.