ПраДарожжа ў Нясьвіж: у палоне эўрапалацу

Самы шанаваны ў беларускіх фінансістаў аб’ект на землях краіны (выяву Нясьвіжу можа назіраць кожны шчасьлівы уладальнік стотысячарублёўкі) запатрабаваны турыстамі. Турыстычныя касякі ходзяць вакол замка, па парку ля замка, і, зь нядаўніх часоў, па самім замку. Але турыстам ня так лёгка пазнаць сучасны, ужо напаўадрэканструяваны перабудаваны эўрапалац.

Рэканструкцыя палацу на гэты момант яшчэ працягваецца. Але прыкладна чацьвёртая частка ўжо зробленая — пярэдні фасад будынку, уязная брама, дзе раней знаходзілася бібліятэка Радзівілаў. Насупраць яе карпусы, дзе ўласна і жылі Радзівілы. Зараз яны стаяць з пустымі ваконнымі праёмамі і, у некаторых месцах, без даху.

Пра пачатак вандроўкі чытайце ў артыкуле «ПраДарожжа: пасьпець у Нясьвіж»

Нясвіж
Рабочыя на фоне адзінага корпусу, куды зараз пускаюць людзей

Цэгла аказалася недабраякаснаю

Рэканструкцыя замка распачалася ў 2000-м годзе. Як трапна адзначала «Польскае радыё для замежжа», «навіны пра рэстаўрацыю выглядалі, як паведамленьні ваеннага часу».

Нясвіж
Аднаўленьне сьцяны

Спачатку пажар 2002 году, пасьля шум падняўся з-за руйнаваньня галерэі паміж цэнтральным корпусам, дзе жылі Радзівілы, і левай часткай палацу. Тады навуковы кіраўнік аб’екту рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц запэўніваў, што сьцяну проста разабралі, бо «цэгла аказалася недабраякаснаю». Аднак ужо пазьней супрацоўнік комплексу Віктар Новік заявіў нам, што галерэю зьнесьлі «для больш бясьпечнага будаўніцтва, бо ў фундамэнце яе знаходзілася шмат будаўнічага сьмецьця». І ў доказ правамернасьці дзеяньняў «Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі стройтрэсту № 3 г. Салігорск», які займаецца рэстаўрацыяй, прывёў свае ўражаньні пра суседнюю Расію: «паглядзіце, як там дамы бурацца!»

Нясвіж
Брама - Новыя элементы ўстаўляюцца згодна са спрэчнымі гістарычнымі звесткамі

Так і рэканструююць адзін з чатырох помнікаў, унесеных у сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, якія ёсьць у Беларусі (яшчэ Мір, Белавеская пушча і дуга Струвэ): вялізны, ужо даўна расчышчаным ад рэшткаў дрэваў і іншай расьліннасьці, унутраны двор палацу разьдзелены на дзьве часткі вялізнай сіняй расьцяжкаю «Стройтрэст № 3».

Нясвіж

На бліжэйшай да ўваходу пляцоўцы, ужо выкладзенай паўсюднаю беларускай пліткай, тусуюцца турыстычныя групы. На другой палове, заваленай будаўнічым сьмецьцем, тусуюцца будаўнікі.

Нясвіж

«Усе пакоі палаца будуць адчыненыя для публікі ў 2010 годзе!» — упэўнена абяцаюць супрацоўнікі комплексу. Як трапна заўважаюць прафэсіяналы, якія назіраюць за ходам рэканструкцыі беларускіх гістарычных аб’ектаў, амаль усіх іх плянуецца адчыніць для публікі ў 2010 годзе. Выбары набліжаюцца.

Экспэрты пра рэканструкцыю

Між тым, беларускія экспэрты ўжо робяць захады для ўзьдзеяньня на беларускія ўлады шляхам выключэньня Нясьвіскага палацу са сьпісу ЮНЭСКО.

Нясвіж

Так, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч сьцьвярджае, што пад час рэстаўрацыі адбываюцца шматлікія парушэньні беларускага і міжнароднага заканадаўства:

«Вэнэцыянская хартыя прадугледжвае забарону, калі ёсьць такая магчымасьць, будаўніцтва новых элемэнтаў. Старыя элемэнты кансэрвуюцца. Калі ж новыя элемэнты дабудоўваюцца, то трэба старацца так, каб новае было візуальна вылучана ад старога. Тут створаць забаўляльны комплекс, у якім ніхто праз 10 год не адрозьніць аўтэнтычнае ад таго, што зьявілася пад час рэстаўрацыі».

Антон Астаповіч кажа, што польскі бок, які цікавіцца лёсам палацу, ужо накіраваў дакумэнты зь інфармацыяй пра нясьвіскія парушэньні ў ЮНЭСКО. «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» таксама рыхтуе акты, дзе «будуць адлюстраваныя парушэньні беларускага і міжнароднага заканадаўства і мэтодык рэстаўрацыі».

«Мы разумеем, што аб’ект ня выключаць са сьпісу. Але калі нейкі рэзананс будзе, то мы спадзяемся на папярэджаньне. Мухляж можа раскрыцца, і гэта будзе вялікі скандал», — камэнтуе магчымыя праблемы ўладаў Антон Астаповіч.

Вядомы гісторык, дасьледчык, выкладчык ЭГУ Сяргей Харэўскі адзначаў у камэнтарах да публікацый пра ход рэканструкцыі:

«Вядома, толькі поўны дэгенэрат можа называць гэта „рэстаўрацыяй“. Помнік быў па-барбарску сапсаваны дзякуючы Беларускай рэспублiканскай навукова-мэтадычнай радзе па пытаньнях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Камiтэце па „ахове“ гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве „культуры“! У дзяржаўных структурах пры гэткай уладзе гадамі могуць працаваць толькі такія пэрсанажы. Лепей бы яны наогул нічога не краналі, бо да чаго толькі не дакранаюцца іхныя лапы — усё пераўтвараецца ў поўнае гаў…о! Што Менск, што Горадня, што Нясьвіж. І яшчэ ж языкі іхныя паганыя паварочваюцца хваліцца ў сваіх жа СМІ!»

Новая бібліятэка Радзівілаў

У верасьні 2008-га былі адкрытыя 5 памяшканьняў, дзе знаходзяцца некаторыя падабенствы экспанатаў. На ніжнім паверсе знаходзяцца памяшканьні для пэрсаналу. Другі адчынены для публікі.

Нясвіж

Экспазыцыя пачынаецца з памяшканьняў, дзе выстаўленыя старыя малюнкі, схемы і мапы, якія адносяцца да палацу.

У пакоях, дзе раней знаходзіліся княская бібліятэка ў 20 000 тысяч тамоў, зараз стаяць шафы з кнігамі невядомай эпохі, якія трапілі сюды, здаецца, хутчэй выпадкова.

«Бібліэтэка была вывезеная пад час войнаў і зараз знаходзіцца ў Піцеры, Варшаве і іншых гарадах. Вярнуць яе ўжо немагчыма», — бадзёрым голасам паведаміць вам экскурсавод.

Замест бібліятэчным фаліянтаў на ніжніх паліцах «новай калекцыі Радзівілаў» стаяць загадкавыя кардонныя скрыні з надпісам «Архіў». На самай ніжняй паліцы надпісу наагул няма, але праз шчыліны ў кардоне праглядаюць зьмятыя газэты, напіханыя туды па невядомай задумцы.

На шафах стаяць бюсты невядомых барадатых мужчын у грэцкіх нацыянальных вопратках. У астатніх пакоях вісяць прыгожа аформленыя плякаты і фота. Дзе-нідзе можна пабачыць здымкі з архіву Альжбэты Радзівіл. Усё гэта копіі.

Узбуджаныя экскурсанты з Бабруйску падбягаюць да коміна, выкладзенага кафляй: «Старажытны?» — з надзеяй у голасе пытаецца вусаты мужчына ў музэйшчыцы. «Не, сучасны». Вочы вусача пачынаюць выглядаць іншыя аб’екты і позірк падае на жырандолю: «Радзівілаўская?» «Не», — засмучана адказвае ахоўніца. Мужчына зноў узбуджана аглядае залю: «А пісьмовы стол?» «О, пісьмовы стол старажытны, ХІХ стагодзьдзя!» — радасна адказвае музэйшчыца.

Нясвіж

А як жа без прывідаў?

Нягледзячы на шматлікія няўдачы і жыцьцёвыя ўзрушаньні, Радзівілы заставаліся багатымі і багацьцем сваім дзяліцца ні з кім не хацелі. Таму яны яго, па некаторых зьвестках, хітра хавалі. Што не дае супакою ахвочым да лёгкіх грошаў беларусам.

Такія людзі старанна шукаюць дванаццаць залатых апосталаў, тунэлі зь Міру ў Нясьвіж і іншыя цуды. Дагэтуль будаўнікі знаходзяць у палацы патаемныя хады і дзіўныя, зачыненыя галерэі. Ходзяць легенды і пра пакоі, таямніцы якіх заўжды ведаў толькі адзін прадстаўнік роду.

Нясвіж

Але гіт-парад мясцовых дзівосаў бясспрэчна ўзначальвае Чорная панна, пра якую ўжо й спэктакль паставілі, і усім расказалі-пераказалі шматлікія экскурсаводы. Людзі чамусьці не пужаюцца цудаў: разам з павагай да гісторыі зьнікае і павага да гістарычных пэрсанажаў, нават страшэнных.

Зь легенды:

З крыкам «Басенька мая!» — Жыгімонт кінуўся да каханай і хацеў яе абняць. Пачуўся выбух, пайшоў трупны пах — цяпер душа Барбары не магла вярнуцца на месца: вечна ёй бадзяцца па зямлі. Пасьля сьмерці караля яна пасялілася ў Нясьвіскім палацы. Перад жывымі прывід заўсёды зьяўляўся ў чорным адзеньні ў знак жалобы па сваім загубленым каханьні. Раней Чорную панна бачылі ў парках ці ва унутраным дворыку палаца.

Паколькі ў замку зараз не прадыхнуць з-за рэстаўратараў, то Чорную Панну варта падсьцерагаць толькі ў парку. Ён вялізны і падзяляецца на некалькі частак.

Нясвіж

Ля самога замку знаходзіцца Стары парк, ля ўваходу — кампазыцыя «Калодзеж ундзіны-русалкі», крыху далей вы можаце патрапіць на «Чароўны камень». Згодна з паданьнем, калі на камень пакласьці дзьве манэткі і загадаць жаданьне, то яно абавязкова спраўдзіцца.

Далей Стары парк перацякае ў Японскі, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён у першапачатковым выглядзе. На супрацьлеглым беразе штучнага возера знаходзіцца Новы, ці Марысін парк — самы вялікі па памерах. Там убачыце лебядзіны луг з сажалкай і «востравам каханьня» пасярэдзіне. Назва парка зьвязана з таямнічай, поўнай рамантычнага флёру гісторыяй каханьня Марысі Радзівіл да сялянскага хлопца. Ангельскі парк, які раней таксама называлі іпадромам, разьмяшчаўся праз дамбу насупраць палацу. Тут, сярод дрэваў і кустарнікаў, былі канюшні.

Нясвіж

Як даехаць да Нясьвіжу

Рэйсавы транспарт прапануе два віды маршрутаў: электрацыяй да станцыі Гарадзея (4840 р.) і ад Гарадзеі да Нясьвіжа на прыгарадным аўтобусе (1560 р). Аўтобусы ходзяць прыкладна кожныя 1.5 гадзіны. Іх адыход звычайна зьвязаны з прыбыцьцём электрацыі.

Другі маршрут: аўтобус з аўтавакзала «Усходні». Расклад можна паглядзець на сайце. Кошт: ад 13000 (пінскія аўтобусы) да 18000 (Мінск-Клецк).

Кошт квітка ў музэй палацу: 3000 р. Студэнтам у два разы таньней.

Далей у гэтым ПраДарожжы вандроўкі ў Клецк, Радзівілмонты і Янавічы.

мапа Нясвіжу

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.