5 сакавіка першы Веснавы канцэрт «ДзеціДзяцей»

Ашаламляючы і нават не на жарт палохаючы, галаву няўхільна запаўняе вострае сьвежае паветра. Удых — і дранцьвееш, менавіта так, як калі лежачы на дне лазанкі, адчуваеш, як вада набіраецца і абхапляе шыю, і, дакранаючыся мочак вушэй, паднімаецца ўсё вышэй, аглушаючы і размываючы гукі; куткі вачэй — міргнеш — дрыжыць бязьмежная столь.

Таксама зачаравальна і пагібельна галаву напаўняе гэтае вясновае паветра. У ім — прыйшоўшыя ў рух птушкі, якія зьехалі з глузду ў вакальных спаборніцтвах. І мокры пах зьніклага немаведама дзе ката (неймаверна пухнатага ў шэрую крапінку), што, ігнаруючы ўсе папрокі, сядзіць у выстаўленага за дзьверы чыгуна з пыльнай расьлінай, эгаістычна гуляючы ў хованкі з сонцам і ўсьміхаючыся сабе пра падзеі вакол. Там жа — прытанцоўваючыя замшавыя чаравікі, прарослыя леташняй травой і дзіўна жывымі і сакавітымі кавалкамі бруду. У гэтым ап’яняльным паветры брыняе і вось-вось расчыніцца галава, якая адмаўляецца разумець, калі і куды зайшлі ногі ў замшы безь яе ведама. Кроў бурбалкамі шампанскага паднімаецца ўверх, плавіць косткі чэрапу, і вось ужо па запоўненай цалкам лазанцы накатваецца сапраўдная хваля.

Усё, яшчэ ўчора замерлае нерухомымі постацямі ажывае і рухаецца. Мора хвалюецца РАЗ… Мора хвалюецца ДВА… Мора хвалюецца… тры кілямэтры ў сэкунду — вецер прынёс шторм — і кавалкі лёду закруціліся ў бязьлітасным віры. Хутчэй, хутчэй, пакуль гэты рух пасяліўся ўсярэдзіне і на сэкунду застыў (чаго яшчэ ўчора ня было: мяне або гэтага паветра?) Хутчэй, хутчэй: пасьпець адчуць, зразумець. Мусіць, заўтра будзе балець горла, але раптам не пасьпею? Бо гэта — першае вясновае паветра. Першыя вясновыя птушкі. Першае вясновае сонца. І першы вясновы настрой.

 

5 сакавіка, у 19.00, у клюбе «Рэактар» — Першы Веснавы канцэрт гурта «ДзеціДзяцей». Квіткі ў касах гораду. Даведкі па тэл. 676 79 20.

Інфармацыя падрыхтаваная прэс-службай гурта

12:50, 23/02/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0466 seconds.