Экашык: На шляху да экалягічнай швэдзкай моды

Пад прывабным зьнешнім выглядам нашай вопраткі хаваецца непрывабная праўда. Аднак сёньня існуе альтэрнатыва шкоднай для навакольнага асяродзьдзя вопраткі. Выстава Швэдзкага інстытуту «Экашык: На шляху да экалягічнай швэдзкай моды» прэзэнтуе творы швэдзкіх мадэльераў, якія дэманструюць экалягічны і этычны падыход да сваёй працы, не ахвяруючы пры гэтым ні грамам моды.

Вага вопраткі, якую набывае сярэднестатыстычны спажывец у Швэцыі, павялічылася з 15 кг у 1994 годзе да 24 кг у 2007. У той самы час, згодна інфармацыі, штогод мы будзем выкідаць 5–10 кг адзеньня, што прывядзе да накапленьня на звалках цяжкіх мэталаў. Сёньня паўторнае выкарыстаньне адзеньня ператварылася ў добра арганізаваную індустрыю. Толькі ў Швэцыі зьбіраецца 30 000 тон старой вопраткі, якая пасьля прадаецца або ахвяруецца тым, хто мае ў ёй неабходнасьць.

Сёньняшняя лёгкая прамысловасьць спустошвае прыроду і скарачае працягласьць жыцьця чалавека. Яна спажывае больш вады, чым усе іншыя галіны прамысловасьці. Яна спрыяе распаўсюджваньню таксычных хімічных рэчываў і становіцца прычынай сур’ёзных выкідаў вуглякіслага газу. У цэлым у лёгкай і абутковай прамысловасьці заняты амаль мільярд чалавек. Значная частка зь іх працуе ў дрэнных умовах, пазбаўлена магчымасьці атрымліваць адпаведную плату ці ўступаць у прафсаюзы.

На першы погляд розьніца паміж экалягічнай і іншай модай амаль няўлоўная, але становіцца відавочнай пры звароце да дызайнэрскіх прынцыпаў і працэсу вытворчасьці. Экалягічны і этычны падыход да стварэньня вопраткі пачынаецца непасрэдна з дызайну прадметаў адзеньня і захоўваецца да апошняга этапу — вытворчасьці гатовай прадукцыі. Кампаніі па вытворчасьці адзеньня, для якіх давер пакупнікоў мае вялікае значэньне, павінны мець магчымасьць паказаць, як стваралася іх прадукцыя і якія матэрыялы пры гэтым былі выкарыстаны.

У 1987 годзе людзі проста спажывалі столькі рэсурсаў плянэты, колькі магла ўзнавіць прырода. Да 6 кастрычніка 2007 года мы ўжо практычна вычарпалі ўсе ўзнаўляльныя рэсурсы, адпушчаныя нам на гэты год прыродай, і заканчваем яго ў «экалягічных» пазыках. Індустрыю моды чакаюць сур’ёзныя выпрабаваньні.

Пакуль яшчэ ня позна зьмяніць наша стаўленьне да моды і спажываньня. Экалягічнае разьвіцьцё — гэта ня проста пустыя словы, а мода — гэта ня толькі зьнешні выгляд.

Выстава «Экашык: На шляху да экалягічнай швэдзкай моды»

Выстава ладзіцца амбасадай Швэцыі ў Беларусі, пры падтрымцы Швэдзкага інстытуту, у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі (вул. К. Маркса, 12) з 4 лютага па 1 сакавіка 2009 года. У межах выставы, у супрацоўніцтве з факультэтам дызайна Інстытута сучасных ведаў ім. А.М Шырокага, будзе праведзены майстар-кляс Карын Стэрнер па стварэньню экалягічнай вопраткі. Лепшыя экзэмпляры вопраткі, падрыхтаваныя беларускімі студэнтамі факультэта дызайну пад час майстар-клясу, будуць экспанавацца на выставе.

Сэмінар «Экалягічная мода па-швэдзку»

Сэмінар швэдзкай дызайнэркі Йоханы Хофрынг «Экалягічная мода па-швэдзку» адбудзецца 4 лютага ў 12.00 у Інстытуце сучасных ведаў ім. А.М Шырокага (вул. Філімонава, 69, аўд. 413). Да ўдзелу запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Паводле інфармацыі ад арганізатараў выставы

09:00, 22/01/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0221 seconds.