Hair Peace Salon: «Кожны думае ў меру распушчанасьці сваіх валасоў»

 

Ангельскамоўны беларускі гурт Hair Peace Salon 1 лістапада зладзіў прэзэнтацыю сваёй плыткі In Tune. Музыкі жартавалі, паказвалі кліпы, дарылі падарункі ўсім, хто спрычыніўся да выхаду дыска й адказвалі на дзёрзкія пытаньні фэнаў. А фронтмэн Алег Вяль у эмоцыях нават падарыў сваю модную шляпу прыхільніцы. Падтрымліваў прэзэнтацыю сваім выступам яркі праект Akana з Русяй на вакале і ў новым іміджы — з даўгузнымі дрэдамі.

Глямурны клюб Bronx на вечар згубіў сваю пампэзную атмасфэру й ператварыўся ва ўтульны салён, дакладней, нават тры салёны. Сцэна ператварылася ў музычны салён, танцпляцоўка — ў танцавальны, а побач разьмесьціўся салён-цырульня. Любы жадаючы мог аформіць сабе супэр-стылёвую фрызуру.

 

Распачаў вечарыну гурт Akana — нядаўна створаны праект, які зьявіўся з раскіданага NHS. Сярод вакалістак Akan’ы і Руся. Рок-князёўну не адразу можна пазнаць з калярытнымі дрэдамі. Музыкі завялі публіку шыкоўным фольк-джазам і прыцягальнымі танцамі вакалістак.

 

 

Першы дыск Hair Peace Salon Gipsy выйшаў у 2007-м і быў падрыхтаваны сумесна з гуртом Jitters. Таксама Hair Peace Salon славіцца сваімі сынгламі, апошні зь якіх Stand The Rain выйшаў улетку 2008-га. На сцэне гурт з 2002-га. Таленавітыя беларускія брыт-рокеры часта канцэртуюць у Беларусі, а таксама дэманструюць уласную творчасьць за мяжой: фэстываль «Музыка бязь межаў» у Эстоніі ў 2004-м, вольная сцэна Басовішча-2005, Рок-кола 2005, Fiesta Borealis у Польшчы ў 2006-м і іншыя.

 

 

Хлопцы граюць неагрэсіўную музыку, але ж спалучаюць брыт-рок з эмацыйнасьцю й душэўнасьцю выкананьня.

На прэзэнтацыі In Tune музыкі адважыліся адказаць на ўсе пытаньні прыхільнікаў. Прыйшлося хлопцам тлумачыць, чаму ладзяць канцэрт у такім мажорным клюбе. Аджартаваліся, што гэта не яны, а сябры з клюба дапамаглі.

 

А самыя вынаходлівыя фанаткі не гублялі час на пытаньні і адразу панапісвалі свае жаданьні. Таму другую частку канцэрта фронтмэн Алег Вяль выступаў ужо без шапкі — падарыў настойлівай прыхільніцы.

 

Гурт не прызнаўся, ці мае якое дачыненьне да салёнаў ці цырульняў. А на пытаньне пра назоў Hair Peace Salon, Алег патлумачыў, што кожны можа меркаваць у меру распушчанасьці сваіх валасоў:) Мяркуючы па фрызурах саміх музыкаў, хлопцы яны сьціплыя й зусім «не распушчаныя». Хоць на момант стварэньня гурта назоў быў вельмі дарэчы — тады многія ўдзельнікі HPS былі даўгавалосыя.

 

Сваю ангельскамоўнасьць творчасьці музыкі тлумачаць уплывам замежнай музыкі, якую здаўна слухаюць. Зрэшты, у Беларусі ў апошнія гады маладыя ангельскамоўныя брыт-рокавыя гурты ня рэдкасьць. Але Hair Peace Salon удаецца злучаць эмацыйнасьць і якасьць выкананьня, стылёвасьць і кранальную інтэлігентнасьць музыкаў, канцэптуальнасьць і душэўнасьць выступаў у цэлым.

Фотарэпартаж у 25 здымках з прэзэнтацыі Hair Peace Salon плыткі In Tune

Фотарэпартаж з выступу Akana на прэзэнтацыі Hair Peace Salon

Аўтар фота: Воля Кузьміч

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0573 seconds.