Блогі памерлі як зьява — лічыць амэрыканскі ўплывовы часопіс Wired. А што ў Беларусі?
«Завесьці блог цяпер не такая цудоўная ідэя, як гэта было гады чатыры таму», — сьцьвярджае Paul Boutin, аўтар уплывовага амэрыканскага часопісу Wired. Блогасфэра, якая была калісьці сьвежым аазісам народнага самавыражэньня і чыстых думак, цяпер забруджаная суцэльным цунамі аплочанага глупства.
У Беларусі манэтызацыя благасфэру так і не напаткала. Магчыма таму дагэтуль standalone блогаў, якія робяць беларусы для аўдыторыі сваёй краіны, існуюць адзінкі. Беларускія блогі — гэта пераважна дзёньнікі ў Livejournal. Бум шчырай самарэалізацыі ў якіх дасягнуў вяршыні ў пачатку 2006-га і паступова зьдзьмуўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Амаль любая ініцыятыва, якая цяпер нараджаецца ў суполках самай папулярнай блогавай пляцоўкі беларусаў сутыкаецца з скептыцызмам, сьцёбам і часам зьдзекам зь яе аўтараў. Месца спантанных флэшмобаў заняў сьцёб з абсалютна ўсяго ў стылі by_trash.
Адзінкі з распачынальнікаў беларускай тусоўкі ў ЖЖ цяпер аднаўляюць свае дзёньнікі. А асноўную дзьвіжуху генэруюць карыстальнікі, якіх часта складана адрозьніць ад троляў. На працягу апошніх гадоў рэгулярна даводзіцца назіраць сытуацыю, калі чарговы чалавек падсаджваецца на ЖЖ і піша адзін за адным цікавыя пасты. Аднак пазьней яго запал сканчаецца гэтак жа імкліва, як і нарадзіўся. Трывала застаюцца пераважна тыя, чый сьвет абмежаваны ў жывых камунікацыях, а болей тыя, хто мае канкрэтную задачу ад свайго ЖЖ — рэкляма ў прафэсійных мэтах.
«Падумваеце завесьці свой уласны блог? Ёсьць адна сяброўская парада: ня трэба. І калі вы ўжо маеце адзін — спыніце яго», раіць амэрыканец Paul Boutin.
Магчыма, аўтар паважанага часопісу крыху прысьпешвае час, аднак зь яго аргумэнтамі цяжка не пагадзіцца.
У апошнім аглядзе сусьветнай блогасфэры ад рэйтынга Technorati ў топ-100 фактычна не ўвайшоў ніводзін асабісты блог. Сьпіс складаецца зь цікавых сайтаў пабудаваных па прынцыпе блогаў. Аднак яны належаць буйным выдавецтвам і аднаўляюцца камандай прафэсійных журналістаў з рэгулярнасьцю каля 30 допісаў штодзень. Пра незалежную асабістую журналістыку ў дачыненьні да такіх блогаў казаць недарэчна, бо ўсе яны фактычна прадаліся і пераўтварыліся ў традыцыйныя СМІ.
Будучыня інтэрнэта за сацыяльнымі мультымэдыя-сайтамі кшталту Facebook, лічыць аўтар артыкулу ў Wired.
Хоць у Беларусі Facebook ня мае такой папулярнасьці, як у астатнім сьвеце. Аднак яго расейскі клён Vkontakte.ru займае другое месца па наведвальнасьці беларусаў паводле дадзеных Alexa.com (Facebook там жа знаходзіцца толькі на 57-й пазыцыі).
Тым ня менш у TOP-100 самых папулярных сайтаў у Bynet’е блогавыя пляцоўкі пакуль трымаюцца вельмі годна: Livejournal.com — на 10-ым месцы, Blogger.com — на 18-ым, Liveinternet.ru — на 21-ым, ніжэй ёсьць таксама diari.ru і wordpress.com. Дарэчы ўсе гэтыя блогавыя пляцоўкі абыходзяць яшчэ нядаўна неверагодна папулярны ў Беларусі odnoklassniki.ru
Калі кіравацца парадамі часопіса Wired, то для ўласнай самарэалізацыі беларусам зараз самы час паспрабаваць свае сілы на Youtube. Ня гледзечы на тое, што ў астатнім сьвеце гэта трэці па папулярнасьці рэсурс, і яго ўжо даўно палюбілі маркетолягі зь імітацыямі home-video, у Беларусі ён займае пакуль толькі 20-ую пазыцыю на Alexa.com. Клёнаў Ютуба ані расейскіх, ані беларускіх ў топ-100 сайтаў, якія надведваюць зь Беларусі там няма. Такім чынам, рост цікаўнасьці да народнага відэа яшчэ наперадзе.