У новы японскі будзільнік трэба страляць зь пісталету

Туманная восень і адсутнасьць ацяпленьня робяць нерэальна складаным момант прачынаньня — так і хочацца падаўжэй павяляцца ў ложку пад цёплым покрывам, забыўшыся на ўсе будзільнікі, начальства ці праспаныя пары. Але японцы прадумалі і гэты момант — цяпер на рынак выходзіць абсалютна новы будзільнік зь пісталетам і мішэньню для стралкоў. Надакучлівае «пі-пі-пі» спыніцца толькі пасьля трапляньня ў «яблычак». Прачынаньне гарантаванае.

Gun O’clock уяўляе зь сябе невялікую скрынку зь пісталетам агульнай вагой у 400 грамаў.


Калі ў прызначаны час будзільнік пачынае выдаваць сваё мярзотнае «пі-пі-пі», на яго даху выпростваецца круглая мішэнь. У гэты момант патрэбна намацаць плястыкавы пісталет і трапіць лязэрам у «яблычак». Пакуль патрапіш — дакладна прачнесься. Працуе штуковіна на адлегласьці да трох мэтраў. Застаецца толькі спадзявацца, што «затыкнуць» будзільнік можна толькі, трапіўшы ў мішэнь, а не запусьціўшы спрасоньня ўвесь камплект аб сьценку.

 

У продаж карысная цацка трапіць у Японіі ўжо 15 лістапада. Вытворцы разьлічваюць тавар найперш на мужчынаў ва ўзросьце 20–30 год. Кошт цуда-будзільніка 4095 іен (каля $40). Да сакавіка 2009 года кампанія Bandai плянуе прадаць да 10 мільёнаў адзінак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1197 seconds.