На Underground fashion party гледачы паглядзелі «Дзікавата»
Напрыканцы верасьня у клюбе «Гудвін» адбылася Underground fashion party. Клюб сапраўды знаходзіцца ніжэй першага паверха, але ж Underground у назове імпрэзы зьявілася не ад гэтага. Што павінна ўключаць у сябе вечарынка, каб насіць такую сьмелую назву? Пачалася раrty з дэфіле дзяўчын у майтках, што натуральна заінтрыгавала большасьць публікі. Адразу ж пасьля дзяўчын выйшаў вядучы і абвясьціў, што мы прысутнічаем на паказе калекцый адзеньня — вяршыні дызайнэрскага мастацтва, але ня ўбачым ніводнай прафэсійнай мадэлі і ніводнага прафэсійнага куцюр’е. У пляне паказу 9 калекцый 15-ці маладых дызайнэраў-аматараў.
Большасьць зь якіх гледачам прадставіў пэдагагічны ўнівэрсытэт, а дакладней Аўсейчык Кацярына са сваім праектам «Дзікавата» (Дзівацкі Калейдаскоп Вашага Таленту), які стартаваў 2 гады таму, спачатку на факультэцкім узроўні, а сёньня ўжо выйшаў за межы краіны. Сутнасьць у тым, што ўсе жадаючыя могуць стварыць калекцыю адзеньня, якая павінна складацца зь ня менш, як 5 набораў. І ўвесну, на конкурсе, паканкураваць сярод такіх жа «дызайнэраў» за званьне самага стылёвага і моднага.
Для прэзэнтацыі ў «Гудвіне» былі абраныя калекцыі за два гады існаваньня праекта. Дызайнэрамі калекцыі выступалі ў большасьці дзяўчаты, што і ня дзіўна, бо дзявочы калектыў стаў ужо традыцыйным для БДПУ. Адчувалася гэта і ў назвах: «Табе, каханы», «Так, я згодна», «Позна ноччу»…
Але між тым сярод жаночых, арыентаваных на мужчын убраньняў, быў заўважаны куцюр’е моцнай паловы чалавецтва. На каго арыентаваўся ён, так і засталося загадкай. Сваім выступленьнем хлопец не пакінуў абыякавым нікога – усе сядзелі ў шоку. Дзяўчынкі-мадэлі хадзілі па сцэне, а Сам Творца то матляў іх за валасы, то адштурхоўваў ад сябе, выражаючы нейкую нездаровую жарсьць. Але ж, як сказаў спадар Айплатаў: «Любое движение показать, что ты делаешь – это ступенька». А так як ён зьяўляецца ўжо прызнаным майстрам у індустрыі моды, трэба яму верыць.
У гэтым годзе конкурс будзе ладзіцца ў красавіку, чакаюцца госьці з Масквы і Вільні.
Калі ў каго-небудзь зьявілася таксама жаданьне паспрабаваць свае сілы ў цяжкім дызайнэрскім мастацтве, і хто ўжо ня можа выношваць у сабе мноства арыгінальных рашэньняў, можа паўдзельнічаць у праекце сам. Сход адбудзецца ўжо 17 кастрычніка. Па ўсіх пытаньнях можна зьвяртацца на нумар (029) 716 25 78 да Аўсейчык Кацярыны.