Студэнт скраў рэферат і падае ў суд на ўнівэрсытэт
Майкл Ган, студэнт Кенцкага ўнівэрсытэта ў Вялікай Брытаніі, зьбіраецца падаць зыск супраць сваёй навучальнай установы. На думку Гана, кіраўніцтва ўнівэрсытэта ня выканала ўсіх абавязкаў, у выніку чаго ў маладога чалавека цяпер практычна не засталося шанцаў скончыць трохгадовыя курсы.
Сутнасьць канфлікту ў наступным: літаральна за адзін дзень да выпускнога іспыту выкладчыкі навучальнай установы выявілі, што чарговая пададзеная Ганам на праверку праца зьяўляецца плягіятам. Іншымі словамі, малады чалавек наўпрост скапіяваў гатовы праект зь Інтэрнэта. Праца, натуральна, была вернутая і, акрамя таго, кіраўніцтва прыняло рашэньне ануляваць трынаццаць папярэдніх працаў Гана, якія гэтаксама ствараліся мэтадам "copy-paste".
Больш за тое, сам "пацярпелы" нават не адмаўляе таго, што на працягу ўсяго тэрміна навучаньня выкарыстоўваў чужыя працы.
Як адзначае студэнт, паколькі за першы рэфэрат ён атрымаў добрую адзнаку, то падумаў, што ў плягіяце матэрыялаў няма нічога дрэннага. Па словах Гана, калі б выкладчыкі адразу выявілі парушэньне і паведамілі яму пра гэта, малады чалавек быў бы толькі рады. А цяпер атрымоўваецца, што Ган марна патраціў час і сродкі.
На дадзены момант сям’я навучэнца спрабуе падшукаць адваката, які б згадзіўся ўзяцца за справу, хаця шанцаў у студэнта на выйгрыш справы няшмат.
Што тычыцца прадстаўнікоў Кенцкага ўнівэрсытэта, то, па іх словах, усе навучэнцы маюць уяўленьне пра палітыку кіраўніцтва ў адносінах плягіяту і атрымоўваюць дакладныя інструкцыі да падрыхтоўкі працаў.
Паводле "Компьюлента"