Сяргей Міхалок пра Беларусь: «Класная краіна, але вельмі бракуе сьвежага ветру»
Творчае аб’яднаньне «Дзеці Сонца» распаўсюдзіла прэс-рэліз з нагоды афіцыйнага выхаду новага альбому гурта «Ляпіс Трубяцкой», у якім зьмешчаныя камэнтары Сяргея Міхалка да кожнай песьні «Маніфэста».
«Многія людзі, якія прыяжджаюць да нас у госьці, захапляюцца чысьцінёй нашай краіны. Т.б. усе прыяжджаюць да нас такія шчасьлівыя, ім усім падабаюцца нашы сквэры і бульвары, яны нават даюць інтэрвію з гэтай нагоды. Але ні адзін чалавек не жадае застацца. Уласна, пра гэта і песьня. Накшталт усё добра, але паветра-та сапрэла. Таму не жадаюць заставацца, не могуць вытрымаць больш 10 дзён», — гаворыць Міхалок пра Belarus-Freedom — адну з дзьвюх беларускамоўных песень альбома.
Спампаваць альбом беларусам прапаную абсалютна бясплатна з manifest.tut.by. Выхад CD-выданьня заплянаваны на кастрычнік у студыі West Records.
Сяргей Міхалок. Фота Юры Сідуна.
Пра групу
«Ляпіс Трубяцкой» – ці не галоўны культурны здабытак пост-савецкай Беларусі. Мінуючы шлях ад менскага каля-тэатральнага андэграўнду да папсовых стадыённых салянак, Сяргей Міхалок і кампанія нечакана для многіх вярнуліся да сваіх альтэрнатыўных каранёў. Толькі на зьмену дэкляраванаму п'янству прыйшоў ідэйны стрэйт-эдж, а на зьмену абсурд пародыям на поп-шлягеры – зьедлівая сацыяльная сатыра. Пасьля выхаду альбома «Капітал» (2007 год) аб «Ляпісах» загаварылі як аб адным з самых яркіх і магутных гуртоў рускамоўнай альтэрнатывы. А дзякуючы аднайменнаму відэакліпу, зьнятаму рэжысэрам Аляксеем Церахавым, чуткі аб «беларускіх антыглябалістах» разышліся па ўсёй плянэце. За «Капітал» «Ляпіс Трубяцкой» атрымаў ня менш 10 узнагарод (расійскія RAMP, «Чартова дюжина», «Степной волк», беларуская «Рок-каранацыя», партугальскі ViMus і г.д..). Новы альбом «Ляпісаў» «Маніфэст» рыхтуе публіцы новыя неспадзеўкі.
Пра альбом
«Маніфэст» пісаўся з студзеня па жнівень 2008 году на кіеўскай студыі «211» і стаў другой сумеснай працай «Ляпісаў» і саўнд-прадусара Віталя Целезіна.
«Мне здаецца, што альбом атрымаўся вельмі хвосткім, – гэта першае, што заявіў Міхалок па заканчэньні працы над "Маніфэстам". – У "Капітале" было шмат ласкавай музыкі, хоць там ўсё лічыцца прарыўным і альтэрнатыўным, нават "Андрюша" або "Огоньки". Але я лічу, што гэта ласкавая музыка сама па сабе. А ў альбоме "Маніфэст" вельмі шмат неласкавых песень, заснаваных на магутнай рытм-сэкцыі. Мы адмыслова прыбіралі мэлядычнасьць, дадавалі гучныя і раздражняльныя акцэнты". На погляд з боку «Маніфэст» – гэта магутны красовер з ска-панка і каліфарнійскай хвалі (з разавымі вылазкамі на прымежныя музычныя тэрыторыі, у дыяпазоне ад хард-рока да дыксіленда).
У сэнсавым пляне «Маніфэст» – адзін з самых канцэптуальна-вытрыманых дыскаў «Ляпіса Трубяцкога». «Раней мы запісвалі шызафрэнічныя альбомы, – узгадвае Сяргей Міхалок. – І вашым, і нашым, і рок, і поп, і лірыка, і сьцёб, і ўсё – на адной кружэлцы. Цяпер шызафрэнічныя кампіляцыі мне не цікавыя. Цяпер хочацца, каб хоць нейкае падабенства цэласнасьці было, інакш – у чым сэнс?». Але гэта не значыць, што новы альбом «Ляпісаў» цалкам і цалкам зацыклены на нейкай адной тэме. Папулізм у палітыцы, консумэрызм як галоўная хвароба сучаснай цывілізацыі, пошукі чалавекам сваіх нацыянальных каранёў, адпаведнасьць публічнай выявы артыста яго праўдзівай асобе, пераўтварэньне рок-музыкі ў ЭмЦіВішную жуйку – гэта толькі некаторыя пытаньні, якія хвалююць Міхалка сёньня. І аб усім гэтым ён выказаўся ў сваіх новых песьнях – у традыцыйнай для цяперашніх «Ляпісаў» востросатырыстычнай манэры.
У трэк-ліст «Маніфеста» увайшло 12 песень, у тым ліку – адзін ангельскамоўны кавэр і дзьве кампазыцыі на беларускай мове. «Наагул, беларуская – не мая родная мова, – нагадвае Міхалок. – Мне на ёй выказвацца цяжка, а вось пісаць лёгка, бо многія фразы, якія па-расейску гучалі б вульгарна і цьвёрда, дзякуючы беларускай фанэтыцы гучаць мякка. Мова – гэта ж таксама інструмэнт. Але гэта ніякая не стылізацыя, гэта сапраўдная беларуская мова. У мяне шмат сяброў, якія яе ведаюць, мая дзяўчына добра па-беларуску размаўляе – так што я ў яе адмыслова кансультаваўся. Напэўна нейкія дробныя памылкі ў маіх тэкстах ёсьць, але іх нават у размоўнай мове ў прафэсараў можна пачуць».
Сяргей Міхалок аб песьнях альбома «Маніфэст»
1. Манифест
На сёньняшні момант гэта песьня – візытная картка групы «Ляпіс Трубяцкой», яна адлюстроўвае наш сьветапогляд. Але гэта песьня з двума сэнсамі. Адзін сэнс просты – т.б. нейкі чалавек анархічных поглядаў заклікае ўсіх да анархічнага хаосу: легалізаваць наркотыкі, бясплатна раздаваць сьпіртныя напоі, разбурыць усе ўладныя структуры… Гэта папахвае ўтопіяй. Але ў прыпеве расчыняюцца сапраўдныя матывы гэтага чалавека, мы разумеем, што ён гэта робіць дзеля ўласнай выгады і гатовы у сваіх абяцаньнях дайсьці да любога маразму. Палітыкі нам усё больш і больш абяцаюць падчас сваіх перадвыбарных кампаній: нейкія новыя свабоды, грашовыя заахвочваньні, манну нябесную… Ну а гэты чалавек гатовы згуляць на зусім ужо нізінных пачуцьцях. Бо вельмі шмат на самай справе ёсьць людзей, якія жадалі б пажыць у часе хаосу і поўнага дэстроя. Вось ён да іх і зьвяртаецца. То бок гэта наш іранічны погляд на новых мэсій, якія часьцяком апынаюцца асабліва хітрожопымі палітыкамі.
2. Рок-пупсы
«Пупсы» напісаныя ў цалкам нечаканым для нас стылі – нешта кшталту ска-глэм-хард-рока. Былі такія гурты: Cinderella, Bon Jovi, Whitesnake… На мой погляд, зь іх пачалася прафанацыя вобразу сучаснага музыканта, а потым гэты вобраз памножыла MTV. Узорнапаказальны рок-музыкант сёньня – гэта бубнач гурта Motley Crue, увесь у тату, досыць тупы чувак з парай чувіх пад мышкамі, які бухае, б’ецца ў барах, вакол яго заўсёды Садом і Гамора. Ён на піку славы, але ні адзін чалавек у сьвеце ня мае ўяўленьня, што ён там сьпявае або грае. А гэта ў прынцыпе і ўсё роўна. Або ўзяць групу Bon Jovi – гэта такі кансэрвавы слоік. Па сутнасьці яны ўсё жыцьцё фігачаць адну і тую жа песьню. Індустрыя дазваляе ўсё гэта запісваць выразна, шоў – на ўзроўні сусьветных стандартаў. Т.б. поўны дурдом. Я супраць такой рок-музыкі. А яшчэ імідж у іх клясны: «казакі», штаны ў абліпку, куча хустак нейкіх панавязаных – асабіста ў мяне гэта выклікае ўсьмешку. Асабліва, калі я гляджу на мясцовых пасьлядоўнікаў гэтай традыцыі, якія гуляюць па карчмах у сваіх каўбойскіх шляпах нейкія стандарты – бо ў нас гэты музычны стыль, па вялікім рахунку, не прыжыўся. Увогуле, можна сказаць, што гэта песьня пра тое, што 50-гадовыя іржавыя маршчыністыя чувакі спрабуюць выглядаць як Джэк Верабей і пры гэтым лічаць сябе дзіка крутымі музыкантамі олдскула.
3. Галактика
У гэтай песьні сьпяваецца аб чалавечым абжорстве, аб тым, што, у прынцыпе, адна з самых галоўных зямных заганаў – гэта абжорства ў любым выглядзе. Чалавеку заўсёды чагосьці бракуе – ежы, тэлевізара, грошай. У гэтым – галоўная праблема грамадзтва спажываньня. Не важна, што ты сам з сябе ўяўляеш, не важныя твае веды і дасягненьні, таму што ўсё гэта потым перакладаецца ў нейкі сурагат. Гэта ўжо досыць банальна, але я бачу толькі адзін выхад для чалавецтва – трэба моцна прыцішыць свой запал. Т.б. людзі і дзяржавы ў нейкі момант пачынаюць мерацца сваімі выгодамі, сваімі залатымі запасамі, сваім ВУП. Усё гэта ператвараецца ў такую рэлігію. А я лічу, што над гэтым трэба сьмяяцца. Т.б. гэта павінна быць западло. Я, вядома, не спрабую вырашаць праблемы на плянэтарным узроўні. Я лічу, што трэба будаваць сьвет вакол сябе. Але вось як раз у асяродзьдзі маіх сяброў чалавек, які занадта ганарыцца сваімі аўта або кватэрамі, выклікае ў лепшым выпадку добрую ўсьмешку, а ў горшым – над ім проста сьцябаюцца. Яшчэ ў гэтай песьні прадстаўленая пару эзатэрычных пэрсанажаў: напрыклад, Адам Кадман з кабалістыкі. Я ў свой час зразумеў: каб праславіцца інтэлектуалам, трэба выкарыстоўваць у сваёй творчасьці як мага больш запазычаньняў і майстраваць як мага больш інтэлектуальных галаваломак. Тады чалавеку з боку мяне складана ідэнтыфікаваць. Хто я – праваслаўны або будыст? Анархіст я або манархіст, або, можа быць, правы радыкал? Мне падабаюцца розныя вобразы. Вядома, усё гэта папахвае словаблудзьдзем, але мне і самому цікава слухаць тэксты, у якіх прысутнічаюць нейкія гістарычныя пэрсанажы. Яны дадаюць вагі ў нашу папсовую бязглузьдзіцу. І потым – усё, чым я захапляюся, пра што чытаю, часта адлюстроўваецца ў песьнях. У свой час я спрабаваў адлучаць сябе ад песень, не дапускаць у песьні рэальныя гісторыі, якія прысутнічаюць побач са мной. Цяпер наадварот – яны ўсё знаходзяць адлюстраваньне ў песьнях. У прынцыпе, быць павярхоўным эрудытам – гэта адзін з спосабаў выжываньня ў нашым сьвеце. Трэба ведаць аб усім патроху. Я вось імкнуся стала пазнаваць нешта новае. А калі гэта мне вельмі моцна цікава – то вучу да канца.
4. Жлоб
Гэта такая самаіранічная песьня. Таму што я на сваёй шкуры выпрабоўваю ўплыў мас-мэдыйнага вобразу. Колькі б ты не напісаў добрых песень, колькі б не выпусьціў альтэрнатыўна-андеграўдных альбомаў і якой бы папулярнасьцю яны не карысталіся, усё роўна твой памножаны вобраз ствараюць людзі, якія па сутнасьці музыкай не цікавяцца. Для іх твая творчасьць складаецца з 5-6 шлягераў. Т.б. гэтых людзей не цікавіць тваё разьвіцьцё – іх цікавяць толькі артэфакты з твайго мінулага. І вельмі вялікая спакуса – пагадзіцца з гэтымі людзьмі і існаваць у рамках 5 шлягераў. Таму што вырвацца за гэтыя рамкі вельмі складана. Накшталт гуляеш музыку гучную, а цябе ўсё клічуць на карпаратывы. Т.б. для кагосьці ты мадэрніст, а для кагосьці так і застаўся рэстаранным клоўнам. У любым выпадку – гэта песьня яна зьвернутая да мяне асабіста, а не да ўсёй групы «Ляпіс Трубяцкой».
5. 12 обезьян
Гэта песьня ну, практычна, пра маладосьць маю. Калі хапае сіл верыць ва ўсе ідэі. Калі табе здаецца, што з кожным днём жыцьцё становіцца ўсё лепей і лепей. Прычым, бачныя зьмены адбываюцца дзякуючы твайму асабістаму ўкладу. Ты менш за ўсё ўвагі зьвяртаеш на самога сябе, займаесься самаразбурэньнем, бухаеш там і ўсё такое, але пры гэтым займаесься плянэтай. Ну, такія, як правіла, не вяртаюцца – збухіваюцца, садзяцца ў турмы. І да 30 гадоў у іх замест агеньчыка ў вачох – толькі жаданьне новай дозы. Ну, часта так бывае. Таму я думаю, што трэба пабольш на сябе ўвагі зьвяртаць. Вось ёсьць фільм «12 малпаў». Там была банда, якая змагалася за мітычныя ідэі і праз шмат гадоў іх прызналі нейкімі вялікімі. А яны, акрамя таго, каб выпусьціць жывёл з заапарку – нічога і зрабіць-та не маглі. І ўсе гэтыя моладзевыя групоўкі, усе анархічныя банды – большасьць іх глябальных ідэй жыве толькі ўсярэдзіне гэтай маленькай групоўкі. А нічога рэальнага яны ня робяць. Так што быць ідэйным барацьбітом – гэта добра, але, у любым выпадку, лепш пачынаць дужаньне з сябе самога. Таму што і адзін у поле ваяр. Я так лічу.
6. I Wanna Be Your Boyfriend
Гэта кавэр на песьню гурта Ramones, аднаго з маіх любімых гуртоў. Дарэчы, да пытаньня аб каранях панк-культуры – што тру, што ня тру. Наколькі я ведаю, музыка, якую цяпер завуць поп-панкам, зьявілася раней той музыкі, якая лічыцца клясычным панк-рокам. Група Ramones выпусьціла сваю кружэлку раней Sex Pistols. І сьцёб іх быў накіраваны не супраць нейкіх там пэўных палітычных дзеячаў, яны проста сьцёбаліся над соцыўмам, над эстэблішмэнтам. Іх хвалявалі праблемы «сьпячых». Ну, у прынцыпе тое, што мяне цяпер хвалюе. Таму мае тэксты пераклікаюцца зь іх раньнімі песьнямі. А канкрэтна «Бойфрэнда» мы зрабілі некалькі гадоў назад для Ramones Kidz – гэта быў трыб'ют такі рускамоўны. Але тады песьня была зусім малабюджэтна запісаная, на хуткую руку, і нам захацелася запісаць яе нармалёва.
7. Крэкс, пэкс, фэкс!
Гэта клясычная лірыка групы «Ляпіс Трубяцкой», клясычны медляк, як «Огоньки», «Ласточки»... Я маю на ўвазе тэкст. А па музыцы гэта бліжэй усяго да раньняй традыцыі – Skatalites, скінхэд-рэгі... Усё мякка, хораша. Вельмі старажытная і вельмі добрая музыка.
8. Belarus Freedom
Гэта адна з двух беларускамоўных песень на новым альбоме – такі сумны нацюрморт з нагоды нашай рэчаіснасьці. Многія людзі, якія прыяжджаюць да нас у госьці, захапляюцца чысьцінёй нашай краіны. Т.б. усе прыяжджаюць да нас такія шчасьлівыя, ім усім падабаюцца нашы сквэры і бульвары, яны нават даюць інтэрвію з гэтай нагоды. Але ні адзін чалавек не жадае застацца. Уласна, пра гэта і песьня. Накшталт усё добра, але паветра-та сапрэла. Таму не жадаюць заставацца, не могуць вытрымаць больш 10 дзён. Іх усіх цягне назад у свой хаос, у свой дзікі капіталізм. А я ў Беларусі жыву ўжо вельмі даўно. Таму і напісаў гэтую песьню. Клясная краіна, але вельмі бракуе сьвежага ветру. Чыста так атмасфэрна.
9. Клип
Песьня «Кліп» нарадзілася з нашых сустрэч з шматлікімі рэжысёрамі, якія дзяліліся з намі сваімі ўяўленьнямі аб тым, якое бы яны зрабілі для нас відэа. Пераказвалі нейкія сцэнары, і я ў нейкі момант зразумеў, што мне гэта нагадвае. У дзяцінстве, калі зьявіліся першыя відэафільмы, у нас у піянэрлягерах было вельмі модна іх пераказваць. У асноўным, ужасьцікі. «Кашмар на вуліцы Вязаў», напрыклад. І зьявіўся такі жанр – «пераказаць відзік». Распавесьці фільм "Коммандо", або "Нешта", або "Пятніца, 13-е". Я, дарэчы, нядрэнна тады пераказваў. І вось гэтыя фантазіі рэжысёраў мне нагадалі дзіцячыя пераказваньні відзікаў. Калі людзі распавядаюць аб сваіх ідэях, якія часьцяком нават не могуць увасобіць, а можа быць і ня трэба іх увасабляць. І у мяне паўстала ідэя напісаць некалькі сцэнараў прагрэсіўнага відэа. Калі іх хто-небудзь здыме, то гэта будуць шэдэўры сучаснага відэаарта. Калі ідэй бракуе – то мы яшчэ падкінем. Сэкс-хорар, трэш-шапіто – у нас у гэтых жанрах яшчэ ніхто не навучыўся здымаць.
10. Зорачкi
Песьня «Зорачкi» – яна такая, нават не касмапалітычная, а яшчэ шырэй – з нагоды каранёў. Наколькі важна або не важна, дзе чалавек нарадзіўся. З нагоды самаідэнтыфікацыі. Я, напрыклад, лічу што наша Радзіма – гэта космас, і ўсе гутаркі з нагоды меж – наогул недарэчныя. Гэтая песьня таксама на беларускай мове. Мяне часта абвінавачвалі: вось, жыве ў Беларусі, а сьпявае не па-беларуску. Але для кожнай ідэі павінна падбірацца свая ўласная форма, якая падыходзіць толькі ёй. Ёсьць ідэі, якія трэба выяўляць на рускай мове, ёсьць, якія на ангельскай. Я не лічу, што вялікая песьня стала вялікай ад таго, што прасьпяваная на японскай або кітайскай мове. Сэнс у тым, што ўсё павінна зыходзіцца. А «Зорачкi» – я хацеў, каб гэта была лірычная песьня. І беларуская мова тут мне дапамагла.
11. Трубецкой
Гэта з нагоды нашай назвы. Яна сама па сабе вельмі кітчэвая. Усу адразу ўзгадваюць "12 крэслаў", але не будзем забываць, што сам па сабе ляпіс – гэта філязофскі камень. Прысутны ў шматлікіх эзатэрычных і алхімічных вучэньнях. Зь іншага боку – гэта падобна на ляпсус, ну такая тыпу лахоўская памылка. А Трубяцкой нас адразу адпраўляе ў дваранскія часы – у чалавека напэўна быў тытул, гэта старадаўняе прозьвішча, якое сыходзіць каранямі ў глыбіню стагодзьдзяў, прозьвішча, адкрывае царскія вароты. Такое зычнае і гучнае. Разам два словы ўтвараюць нейкі абсурд. І гэтае спалучэньне неспалучаемага для нас вельмі важнае. Сапраўдная музыка групы «Ляпіс Трубяцкой» – гэта такі замес, калі ў тэкстах сустракаюцца рэальныя недарэчнасьці і адкрыты тупізм, але ўсё гэта сыграна магутна, хораша, з царскай падачай… Тады атрымліваецца грымучая сумесь, якая нясе асноўны пасыл нашай творчасьці і выяўляецца ў трох лацінскіх словах "Castigat ridento mores" – "Смехам бічуюць норавы". Ну вось гэта наша творчае бусідо. У выніку, усе нармалёвыя краіны, фірмы і футбольныя клюбы складаюць сабе гімны, і гэта падвышае іх патрыятычную самаацэнку. Можа, гэта будзе наш уласны гімн. Калі ён ня будзе прыемны іншым людзям, то мы будзем самі сабе яго выконваць і пранікацца калектыўным гонарам.
12. Рыбка залатая
Мне здаецца, калі разглядаць пласьцінку як суцэльны твор, то ў канцы павінна быць стан не «готов к труду и обороне», канешне, а «потрудился-поборолся». Такая нірвана, гармонія, аб'яднаньне з прыродай. Таму хацелася, каб альбом завяршаўся проста прыгожай песьняй. Я абраў вельмі правільны такі гарманічны квадрат, які прысутнічае ў рэпэртуары практычна ўсіх выканаўцаў. Ён мілагучны, яго лёгка на гітары падабраць. І прасьпяваў вельмі кароткую песьню пра свой сёньняшні стан. Я ж вельмі спакойны цяпер, хоць вонкава здаецца, што я адзін з самых цынічных клоўнаў у рускамоўнай прасторы. У нас ёсьць некалькі такіх пэрсанажаў, побач зь якімі стала прысутнічаюць словы «отжег», «громит», «валит» – і мяне, здаецца, прылічваюць да іх ліку… А на самай справе я цяпер вельмі спакойны, улагоджаны чалавек.
Паводле прэс-рэлізу, падрыхтаванага Зьміцерам Безкаравайным