Сярэдні блогер з Эўропы ці ЗША зарабляе каля 200$ у год на сваім блогу
Буйнейшы пошукавік па блогах Technorati пачаў пяцідзённую публікацыю штогадовага сусьветнага агляду блогасфэры, прысьвяціўшы першы дзень партрэту сярэдняга блогера. Рэсурс апытаў блогераў з 66 краінаў і вызначыў, што ўзрост абсалютнай большасьці зь іх большы за 25 год.
Сярэднім блогер піша пра пяць розных тэмаў. Асабістыя блогі найбольш распаўсюджаныя на плянэце. Такімі можна назваць ажно 79% блогаў. Прафэсійнымі можна назваць 46%, а карпаратыўнымі 12 адсоткаў ад агульнай колькасьці блогаў у Сеціве. Падзел на індывідуальныя, карпаратыўныя і прафэсійныя блогі дастаткова ўмоўны як большасьць характарыстыкаў блогасфэры, таму лічбы перакрыжоўваюцца і некаторыя блогі адначасова ўваходзяць ва ўсе групы.
Полавы склад амэрыканскіх, эўрапейскіх і азіяцкія блогераў моцна адрозьніваецца. У Эўропе і Азіі блогераў-мужчын ажно 73%, а ў ЗША толькі 57%.
На сваім блогу ў год сярэдні амэрыканец і эўрапеец зарабляюць па 200$, а азіяцкі блогер – 120$.
З дасьледваньня Technorati вынікае, што большая частка блогераў маюць узрост большы за 25 год. Так сярод мужчынскай паловы такіх ажно 91%, а сярод жанчынаў 85%. Акрамя таго, большая палова мужчынаў і жанчынаў, якія вядуць блогі, ужо не халастыя.