23 верасьня ў Менску адчыняецца выстава нямецкіх фатографаў FotoKunst

Выстава прапануе выбраныя творы фотамастакоў, якія на працягу гадоў і нават дзесяцігодзьдзяў зрабілі фатаграфію асноўным сродкам сваёй мастацкай творчасьці ці выкарыстоўваюць яе як раўнапраўную побач зь іншымі формамі мастацкага выражэньня — жывапісам, графікай, пэрформансам. Яны належаць да розных пакаленьняў, прадстаўляюць разнастайныя зыходныя пункты і пазыцыі, рознымі спосабамі выкарыстоўваюць фатаграфію як сродак перадачы інфармацыі. Якраз гэта і дае магчымасьць зазірнуць у разнастайнасьць фотамастацтва ў Германіі.

Абмежаваньне невялікай колькасьцю імёнаў значыць адмову ад шырокага агляду, але таксама і шанец больш інтэнсіўна пазнаёміцца з працамі адабраных мастакоў. Восем падборак творчасьці складзены як маленькія рэтраспэктывы.

Адмежаваць і ўпарадкаваць мастацкія працы ад проста фатаграфіі ўнутры шырокага поля фатаграфіі — гэта цяжкая задача. Вядомы куратар фотавыставаў у Нямеччыне Вульф Герцогенрат піша ў прадмове да каталёгу выставы «ФотаМастацтва»:

«Мастакі кожны па-рознаму выкарыстоўваюць фатаграфію, але тады хто такі фотамастак? Трэба было б спачатку назваць мастаком кагосьці, хто са сваімі працамі не выконвае ніякай замовы: часта цытаванага „свабоднага мастака“. Фотамастакі ў такім выпадку тыя, хто выкарыстоўвае фотатэхніку для рэалізацыі сваіх творчых ідэй і разумее фатаграфію як самастойны сродак выражэньня іх мастацкага паведамленьня».

Фотамастак выкарыстоўвае фотаздымак, каб зь яго дапамогай нешта сказаць, а менавіта — тое, што не можа быць выказана візуальна нічым іншым, як толькі сродкам фатаграфіі.

Фатаграфія стварае новыя вобразы, магчымыя толькі дзякуючы яе тэхніцы. Фотамастак выкарыстоўвае сродкі фатаграфіі як сваю палітру: зьмены фармату, камбінацыі вобразаў, часткова як быццам у дыптыху ці алтарных камбінацыях, калажы, хімічныя працэсы і так званыя «памылкі», танчэйшыя нюансіроўкі адценьняў колераў, рэклямныя стратэгіі масавых камунікацый і так далей.

Выстава «ФотаМастацтва» не прэтэндуе на тое, каб даць агляд сучаснага фотамастацтва ў Германіі. Яна дае магчымасьць зазірнуць у фатаграфічную творчасьць некаторых мастачак і мастакоў, якія вызначалі вобраз мастацкай фатаграфіі ў Германіі ў 1990-я.

Мастакі:

Дытэр Апэльт, Ганна і Бэрнгард Блюмэ, Томас Флоршутц, Юрген Клаўке, Астрыд Кляйн, Зігмар Польке, Клаўс Рынке, Катарына Зівердынг

  • 23 верасьня — 26 кастрычніка
  • Менск, Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасьці, 47)
  • Адкрыцьцё ў Менску 23 верасьня ў 17 гадзін
  • 30 кастрычніка — 14 сьнежня
  • Горадня, Дзяржаўны гісторыка-археалягічны музэй (вул. Замкавая, 20)
  • Адкрыцьцё ў Горадні 30 кастрычніка ў 16 гадзін
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0059 seconds.