27 верасьня адчыніцца выстава фота-дызайнаў «Wonderland» па ждановіцкіх матывах

З 27 верасьня па 10 кастрычніка ў галерэі «Zнята» пройдзе незвычайная выстава фота-дызайнаў «Wonderland. Артыкулы Поля Цудаў». Гэта першае ўвасабленьне новага фотапраекту аўтарства Артура Вакарава. Праекта, паўсталага з творчага пераасэнсаваньня вядомай ждановіцкай барахолкі — «Поля Цудаў».

 

Сёньня, у час узьнёслых да самага неба зіхоткіх гандлёвых цэнтраў са штатамі адмыслоўцаў-мэрчэндайзераў у жыцьці ўсё яшчэ трапляюцца выспы былой паспалітай непасрэднасьці. Магчыма, лепшаю такую «выспу» знайшоў на Полі Цудаў у Ждановічах і ўвасобіў у сэрыі працаў фатограф Артур Вакараў. Дзіўны праект, у якім адначасова спалучаецца 100%-ая дакумэнталістыка і непаўторныя вобразы, пададзеныя скрозь прызму сьветапогляду закаранелага дызайнэра.

«На працягу некалькіх месяцаў штовыходныя я езьдзіў у Ждановічы за чарговай дозай творчага кайфу. Шукаў сваю выяву сярод неймавернага гармідару Поля Цудаў. „Залаты кадр“, які працінае мяне колерам, фактурай, альбо ўзаемапранікненьнем аб’ектаў і, зрэдку, але ж знаходзіў і „тры ў адным“. Неперадавальмае пачуцьцё разуменьня і абсалютнай упэўненасьці, што вось яно, „ЁСЬЦЬ!“.

Кіраваўся пры здымках адзіным правілам — здымаць менавіта гэтак, як стаяла-вісела-ляжала. Ніякіх пастановак. Так лепей і не паставіш. Апроч здымак, архіцікавым былі зносіны з „цудатворцамі“, „жыхарамі“ Поля. Часьцяком гэтыя зносіны былі неабходнай умовай атрыманьня дазволу на здымку „тавараў“. Люблю я гэтае месца, людзей, прадметы. Падабаецца вынік, але завяршаць праект пакуль не хачу. Дык выходзіць, што дадзеная выстава зьяўляецца хутчэй папярэдняй справаздачай пра напрацаваны матэрыял. Гэта не канчатак», — распавядае пра свой праект Артур.

Сапраўды, наведнікі выставы самі змогуць пераканацца, што кожная праца — гэта свая ўнікальная гісторыя, расказаная аўтарам моваю майстэрства колераў, прадметаў і асацыяцыяў. А ўсе гісторыі разам складаюць незвычайнае, трохі шчымлівае і зь дзяцінства знаёмае чаканьне цуду. Магчыма, таму і была абраная назваю праекта Wonderland — краіна цудаў.

Ніка Сандрос, прэс-аташэ праекта: «Для мяне ёсьць тры тоесныя па сваёй эмацыйнай сутнасьці рэчы: дзень народзінаў, новы год і барахолка. Рэчы, пры сутыкненьні зь якімі, я заўсёдна адчуваю дзіцячае захапленьне, зьнітаванае са шчымлівым сумам. І я зноў і зноў сядаю ў аўтобус і еду на блышыны рынак, каб паглыбіцца ў хаатычны вір з радасьцяў, успамінаў, тугі і надзей. Еду ў чаканьні адкрыцьцяў і паляваньня за скарбамі.

Калі я гляджу на фатаграфіі WONDERLAND, мяне цягне плакаць і сьмяяцца, і я моцна ганаруся (цалкам незразумела чым), змагаюся з жаданьнем схапіць гэтыя здымкі ў бярэмца і аднесьці дамоў. І ўжо там вадзіць па іх пальцам, уважліва разглядаць і зьдзіўляцца — вось жа яно, нешта маё, роднае, сапраўднае, казачнае, жывое, шчырае».

Аўтар

  • Артур Вакараў.
  • Мастак, дызайнэр, авантурыст. Стваральнік слыннай рэклямнай групы «Adliga».
  • Сур’ёзна заняўся фатаграфіяй у 2003 годзе.
  • «Wonderland. Артыкулы Поля Цудаў» — першая выстава Артура ў Менску.
  • Выстава адкрываецца 27 верасьня, а 17-ай. Выстава будзе дзейнічаць па 10 кастрычніка 2008 г.
  • Месца правядзеньня выставы — PhotoGallery ZНЯТА (менскі кінатэатар «Цэнтральны» — пр-т Незалежнасьці, 13).

Інфармацыя падрыхтаваная арганізатарамі выставы

12:40, 18/09/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.