ЭГУ атрымае ад Эўракамісіі дадатковае фінансаваньне ў 2.5 млн эўра?

Украінскае інфармацыйнае агенцтва ЎНІАН паведамляе, са спасылкай на ўласнага карэспандэнта ў Брусэлі, што «Беларускі ўнівэрсытэт у Вільнюсе атрымае дадатковае фінансаваньне».

Камісар ЭЗ па пытаньнях вонкавых адносін Бэніта Фэрара-Вальднэр заявіла аб павелічэньні фінансаваньня Беларускага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў Вільнюсе, піша ЎНІАН і падае цытату ад эўрачыноўніцы:

«Сёньня мы маем ужо 2,5 млн. эўра на фінансаваньне Віленскага гуманітарнага ўнівэрсытэта для беларускіх студэнтаў».

Як распавялі Generation.by у прэс-службе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, ЭГУ не валодае пакуль інфармацыяй пра павялічэньне фінансаваньня ад эўракамісіі. Усё фінансаваньне ўнівэрсытэта адбываецца праз адмысловы траставы фонд. ЭГУ зараз запытаў камэнтары ў гэтага фонда і чакае рэліза зь яго боку.

На сайце Эўракамісіі зьмешчаныя «Высновы Рады ЭЗ па Беларусі» з паседжаньня Рады па вонкавых адносінах, якая адбывалася 15-16 верасьня. Аднак ня гледзячы на тое, што прэс-канфэрэнцыя, на якую спасылаецца ЎНІАН, адбылася 15 верасьня, на дадзены момант на сайце Эўракамісіі няма інфармацыі пра павялічэньне фінансаваньня Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэта.

Тым часам у ЭГУ да 25 верасьня ідзе рэгістрацыя на дыстанцыйныя курсы восеньскага сэмэстра. З гэтага навучальнага году анлайн-навучаньне ў ЭГУ адчыненае на платнай аснове.

Для вывучэньня ў дыстанцыйным фармаце ў восеньскім сэмэстры будуць працаваць 59 курсаў па ўсіх кірунках навучаньня ва ўнівэрсытэце: дызайну, мэдыях і камунікацыях, сучаснаму мастацтву, турызму і рэкрэацыі, гісторыі Беларусі, паліталёгіі і эўрапейскім дасьледаваньням, сацыяльнай і палітычнай філязофіі, міжнароднаму праву, а таксама агульнаўнівэрсытэцкія курсы па філязофіі і мэтадах навуковага дасьледаваньня.

Уні Вера 14:20, 17/09/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.