«Вы можаце ўявіць, што будзеце працягваць займацца гэтым у 60 год? — Так, лёгка», — малады Мік Джагер пра Rolling Stones

Расповед пра галоўную прэм’еру новага кінатэатру «Беларусь» — фільма-канцэрту «The Rolling Stones. Няхай будзе сьвятло», які адкрываў у гэтым годзе бэрлінскі кінафэстываль, заслугоўвае асобнай размовы.

Гэта дакумэнтальны фільм клясыка кіно Марціна Скарсэзэ пра клясыкаў року «The Rolling Stones»: дзядзькі яшчэ ў стане рабіць першаякаснае шоў, нягледзячы на паважаны ўзрост. У аснову фільма леглі здымкі двух канцэртаў гурта ў межах тура 2006 году «A Bigger Bang».


Афіцыйны трэйлер да фільму «The Rolling Stones. Няхай будзе сьвятло».

RS усё так жа заводзяць публіку, усё так жа прывабліваюць фанатак, граюць і жывуць (хаця б на сцэне) у стылі рок-н-рол. Ролінгам ужо за шэсьцьдзесят, таму іх, па правілах некаторых пляцовак, нельга пускаць на ўласныя канцэрты (казус адбыўся два гады таму на фінале бэйсбольнага чэмпіянату ЗША: на пляцоўку, дзе пасьля гульні гралі ролінгі, з-за клопату пра фізычны стан не пускалі слухачоў, старэйшых за 45 год). Але гэтым пэнсіянэрам, як бачна, ёсьць што паказаць.

Большую палову фільма RS якасна грае свае папулярнейшыя гіты, сэр Мік Джагер запальвае на сцэне, сьпявае дуэтам з Крысьцінай Агілерай і Білі Ўайтам Трэцім — непраўдападобна маладым і жывым на фоне глыбокіх маршчынаў старых перцаў.

У Скарсэзэ па-майстэрску атрымалася перадаць атмасфэру канцэрта. Былі моманты, калі гледачы забываліся на забітую залю кінатэатра і пераносіліся ў Нью-Йорк, пляскаючы ў далоні пасьля сканчэньня чарговай кампазыцыі.

Хаця атмасфэра нью-йоркскага тэатра, дзе здымаўся канцэрт, падаецца занадта пампэзнай і млявай. Прыгожыя маладыя дзяўчынкі грацыёзна круцяць бёдрамі пад сцэнай, на якую з віп-ложы пазірае былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Акрамя канцэртнага выступу ў карціне ёсьць закулісныя здымкі, архіўныя запісы, інтэрвію 60-х і 70-х, якіх, на жаль, ня надта шмат. Найбольш запамінальны фрагмэнт кінахронікі ў сярэдзіне фільма: у маладога Джагера пытаюць: «Вы можаце ўявіць, што будзеце працягваць займацца гэтым у 60 гадоў? — Так, лёгка», — гучыць прароцкі адказ.

15–21 верасьня

  • «The Rolling Stones. Няхай будзе сьвятло»
  • 18:30, 18:30, 21:00, 21:00 (паказы ў двух залях адначасова)
  • Квіткі па 9000.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.