Дакучлівую CAPTCHA скарыстаюць для аблічбоўкі кніг
У культавым футурыстычным кіно нашага дзяцінства «Тэрмінатар» людзі не маглі адрозьніваць кібаргаў ад сапраўднага чалавека — для гэтай мэты выкарыстоўвалі сабакаў. Хаця пакуль і невядома пра існаваньне штучнага інтэлекту блізкага да чалавечага, аднак праблема вызначэньня «робат альбо чалавек» незаўважна зрабілася актуальнай.
У Сеціве дэвэлоўпэры сайтаў вымушаныя выкарыстоўваць розныя вынаходніцтвы для таго, каб даваць магчымасьць камунікацыі на сваіх пляцоўках толькі людзям, але не рэклямным ботам. Дакучлівая для юзэраў CAPTCHA грунтуецца на тым, што чалавек здольны распазнаць літары нават на вельмі складанай выяве, якую машынным альгарытмам разгадаць ня проста. Амэрыканскія навукоўцы рэалізавалі ідэю, якая не спрашчае пакуты карыстальнікаў, аднак можа даць магчымасьць скарыстаць іх з большай карысьцю.
Па дадзеных навукоўцаў з Carnegie Mellon University, кожны дзень людзі па ўсім сьвеце праходзяць тэсты CAPTCHA больш 60 мільёнаў разоў, марнуючы ў кожным выпадку некалькі сэкундаў на распазнаньне скажоных знакаў. Гэта вялізнае войска і вырашылі скарыстаць хітрыя амэрыканскія навукоўцы. Яны спадзяюцца, што карыстальнікі Сеціва, самі таго не падазраючы, дапамогуць у ажыцьцяўленьні праекту аблічбоўкі мільёнаў кніг.
Тэхналёгія CAPTCHA, распрацаваная ў 2000 годзе, створаная для вызначэньня, хто карыстаецца сыстэмай — чалавек або машына. Адна з найбольш распаўсюджаных формаў гэтага тэсту складаецца ў тым, што карыстальніку прапаноўваецца прачытаць і ўвесьці слова, намаляванае на малюнку наўмысна скажонымі літарамі. CAPTCHA выкарыстоўваецца для прадухіленьня адпраўкі масавых паведамленьняў спам-ботамі.
Створаная амэрыканскімі навукоўцамі тэхналёгія reCAPTCHA дазваляе спалучаць магчымасьці чалавека ў распазнаньні тэксту са здольнасьцю машын хутка апрацоўваць вялікія аб'ёмы інфармацыі. Падчас экспэрымэнту праграма была разьмешчаная на 40 тысячах сайтаў. Кожны юзэр, які праходзіў тэст, атрымліваў малюнак са словам з кнігі, няслушна распазнаным праграмай, а таксама кантрольнае слова. Пры дакладным распазнаньні карыстальнікам кантрольнага слова, праграма лічыла, што і слова з кнігі ён распазнаў дакладна.
Як паведамляюць аўтары дасьледаваньня ў часопісе Science, дакладнасьць сыстэмы reCAPTCHA дасягала 99,1%, у той час як дакладнасьць праграм аўтаматычнага распазнаньня тэкстаў склала толькі 83,5%.
Атрымаць пакет ReCAPTCA для свайго сайту можа кожны, сьцягнуўшы яго з recaptcha.net.