У Менску праходзіць выстава польскага фатографа «Сум і зачараваньне правінцыі»

Унікальная галерэя чорна-белых здымкаў з польскай правінцыі 70-80-х гадоў у свой час была забароненая ў Польшчы, бо галеча, аблезлыя сьцены і брудныя вуліцы ішлі ў разрэз з дэкляраваным дагачаснымі ўладамі заможным жыцьцём у краіне. Выстава «Сум і зачараваньне правінцыі» Ежы Пёнтэка праходзіць у галерэі «Сьвет фота».

У галерэі 45 чорна-белых фота з адлюстраванымі на іх сюжэтамі 70-80-х гадоў польскай правінцыі. Гэта здымкі сацыяльнага характару, якія раней былі забароненыя польскім урадам. Не, там няма чаго-небудзь сакрэтнага ці палітычнага, проста, як зазначыў куратар галерэі Юрый Васільеў, калі фатограф здымае аблезлыя сьцены, брудныя вуліцы, тады пачынаюць вырашаць праблемы ня з тым, што адлюстравана на здымку, а з самім здымкам, і дрэнным становіцца ня мэр горада, а фатограф.

Зараз калекцыя ўяўляе з сябе гістарычную каштоўнасьць, бо Ежы Пёнтэк амаль адзіны фатограф, які праз аб’ектыў фотакамэры даў магчымасьць назіраць за сацыяльным становішчам тых гадоў на свае вочы. Дарэчы, сюжэты тагачаснай польскай правінцыі цяжка адрозьніць ад беларускай.


Фота з выставы Ежы Пёнтэка «Сум і зачараваньне правінцыі».

Старшыня праўленьня народнага фотаклюба «Мінск» Яўген Казюля ўзгадаў, гледзячы на адзін са здымкаў, што і ў нас у той час хадзілі такія бабкі зь вялікімі пакункамі за сьпінамі, іх яшчэ «парашутыстамі» называлі, але, на вялікі жаль і сорам, са слоў Яўгена Казюлі, ніхто з нашых фатографаў не замацаваў такія цікавыя і важныя сацыяльныя моманты, і не пакінуў нам гэткай гістарычнай спадчыны.

Сам Ежы Пёнтэк вельмі зацікавіўся Беларусьсю. І на пытаньне: ці не хацеў бы ён зрабіць калекцыю фота з беларускай правінцыі, адказаў, што думаў пра гэта і нават ужо пачаў здымаць. Але хутчэй за ўсё гэта будзе не асобная калекцыя, а здымкі ўвойдуць у склад выставы разнастайных пэйзажаў, якая будзе праходзіць у Польшчы. Пэйзажы, як патлумачыў пан Ежы, будуць не зусім звычайнымі, бо на іх гледачы пабачаць ня толькі прыроду, як гэта прынята для пэйзажа, але і людзей, машыны, жывёл.

Выстава «Сум і замілаваньне правінцыі» працягнецца да 6 верасьня ў галерэі «Сьвет фота» (Прытыцкага, 10). Таму тым, хто цікавіцца фота, шукае новых уражаньняў, ці проста, каму няма чым заняць свой вольны час, раю наведаць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.211 seconds.