Журналісты ладзяць інтэрнэт-акцыю «Гадзіна маўчаньня» з нагоды прыняцьця ў другім чытаньні закону «Аб СМІ»

Учора Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні праект закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае ўсіх сваіх сябраў, журналістаў, блогераў, што працуюць у Байнэце, далучыцца да аднадзённай акцыі «Гадзіна маўчаньня» з 12.00 да 13.00 25 чэрвеня.

Мы прапануем усім, хто неабыякавы да праблемы доступу да інфармацыі і яе распаўсюду, 25 чэрвеня разьмясьціць на сваіх інтэрнэт‑рэсурсах чорныя банэры — як сымбаль пахаванай у Авальнай зале свабоды слова. А таксама не аднаўляць свае сайты, не рабіць запісаў у блогах на працягу адной гадзіны — з 12.00 да 13.00 25 чэрвеня.

Такім чынам мы выказваем пратэст супраць экстранага прыняцьця закону «Аб СМІ» без правядзеньня грамадзкіх слуханьняў і міжнароднай экспэртызы.

Такім чынам мы адказваем прадстаўнікам улады на выказанае імі меркаваньне, што прыняты закон тычыцца толькі журналістаў і нікога больш.

Такім чынам мы даем усьвядоміць карыстальнікам Байнэту, што пагроза закрыцьця шматлікіх навінавых рэсурсаў, крыніц незалежнай інфармацыі ў Сеціве зараз як ніколі рэальная.

У сваёй заяве пратэсту з нагоды прыняцьця новага закону «Аб сродках масавай інфармацыі» ў другім чытаньні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу БАЖ адзначае:

«Зьвяртаем увагу, што беларускія ўлады абяцалі накіраваць законапраект аб СМІ на экспэртызу ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы, аднак не выканалі сваіх абяцаньняў.

Пасьпешлівасьць у прыняцьці закона сьведчыць пра яго рэпрэсіўна-абмежавальную скіраванасьць. Зьмест прававога акту гэта пацьвярджае.

Закон, у прыватнасьці:

  • прадугледжвае рэгістрацыю інтэрнэт-выданьняў і кантроль за Інтэрнэтам з боку Міністэрства інфармацыі і пракуратуры;
  • патрабуе перарэгістрацыі ўсіх мэдыяў пасьля ўступленьня закона ў сілу;
  • значна пашырае магчымасьці закрыцьця ўладамі СМІ;
  • ускладняе дзейнасьць і павялічвае ціск на незалежных журналістаў і карэспандэнтаў замежных медыяў».
Па матэрыялах сайту БАЖ

11:58, 25/06/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4492 seconds.