Новы расейскі фільм «Розыгрыш» рэжысавалі і агучвалі беларусы

Беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка зьняў рэмэйк знакамітага фільма «Розыгрыш». Аналёгіі з фільмам Уладзіміра Меньшова, створанага ў 1976 году, відавочныя. Сцэнар да той стужкі напісаў Сямён Лунгін, і вось, праз трыццаць гадоў, рэмэйк зьняты на студыі яго сына Паўла Лунгіна. Сам Павал так і заве карціну: «Розыгрыш — 2». Выкарыстоўваюцца ў новай стужцы і саўндтрэкі ад беларускага праекту Tanin Jazz.

­


Афіша фільма ў Расеі. Фільм можна было б палічыць чарговай падлеткавай камэдыяй, калі б не радок на плякаце: «Студыя Паўла Лунгіна прадстаўляе». Бо Павал Лунгін («Остров», «Свадьба», «Такси-блюз») – гэта імя-брэнд.­

Пакрыўдзішыся на заслужаную «тройку», сын алігарха, які дзіўным чынам навучаецца ў звычайнай школе, пачынае будаваць настаўніцы д’ябальскія падкопы. Пасунуць яго зь месца нефармальнага лідэра і перашкодзіць плесьці інтрыгі закліканы харызматычны, але бедны пачатковец.

Цікава, што і ў першым і ў другім фільмах грае Дзьмітры Харацьян. Але калі ў Меньшова ён быў школьнікам, то ў рэжысёра Кудзіненка — бацькам вучня. 

У фільме Ўладзіміра Меньшова «Розыгрыш» адбыўся дэбют Харацьяна, дзе ён яшчэ ня быў прафэсіяналам, маладыя акторы не гралі, і жылі ў прапанаваных умовах. Зараз жа ўсё інакш. З заслужаных дзеячаў кіно ў стужцы прынялі ўдзел Ірына Купчанка і Юрый Кузьняцоў. Асноўная ж частка каманды — маладыя акторы, зь невялікім багажом зграных роляў. Адну з галоўных роляў выканаў Noize MC (Ян Аляксееў) — узыходная зорка рускага рэпу.

Немалую ролю ў посьпеху новага «Розыгрышу» павінна адыграць і музыка беларускага праекту «Tanin Jazz», суаўтарамі якога зьяўляюцца Тацяна Гарошка і Алена Ярмаловіч. Іх кампазыцыі «Виртуальная любовь» і «Feel this Time» вельмі ўдала падкрэсьліваюць падзеі ў фільме. «Виртуальная любовь» гучыць рэфрэнам да выявы галоўнай гераіні Таі Пятровай.

Прэм’ера ўжо адбылася ў Маскве, на чарзе Кіеў. У Менску карціну пакажуць, на жаль, не раней восені.

ibad 11:10, 30/05/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.