Выстава каляровых дзіцячых мараў: адкрыцьцё 24 траўня
Цягам некалькіх месяцаў студэнты самых розных ВНУ Менска наведвалі выхаванцаў дзіцячых дамоў, каб даведацца з дапамогаю яркіх колераў пра іх мары й пляны на будучыню. Шчырыя дзіцячыя малюнкі можна будзе ўбачыць на выставе, што адкрыецца ў суботу аб 11 гадзіне.
Падавалася б: ну што тут такога — маляваць зь дзецьмі? Усе дзеці любяць маляваць! Алоўкам, фарбаю, крэйдаю. На аркушах, на шпалерах, на асфальце. Усе дзеці любяць колеры. Ну і якая з таго карысьць? Навошта хлапцам ды дзяўчатам ехаць у дзіцячы дом, каб проста маляваць, асабліва калі вясна за вакном?
Хтосьці можа сказаць: гэта ж лёгка — малюй што хочаш. А чаго жадаеце вы? Паспрабуйце так вось проста дый намаляваць сваю мару для незнаёмага чалавека…
Вось і дзеткам тое было ня проста. Былі памкненьні змаляваць з паштоўкі альбо атрымаць дакладнае заданьне, кшталту намаляваць сабачку. А яшчэ кепска ўплывае на творчы працэс сусед збоку: так і хочацца падглядзець. Вось яна, чалавечая натура зь дзяцінства: за чужым плотам трава зелянейшая.
Але ўсё атрымалася — на выставе вы пабачыце не адзін тузін дзіцячых каляровых думак. Насуперак хваляваньням, што дзеткі, якія жывуць без бацькоў, будуць маляваць шэрымі фарбамі, сваю будучыню выхаванцы менскіх дзіцячых дамоў бачаць радаснаю. І, паверце, ад такой шчырасьці самому хочацца ўзяць у рукі аловак (дарэчы, такі шанец у вас будзе:)
Выстава будзе працаваць з 22 траўня па 3 чэрвеня, з 10.00 да 19.00
Адкрыцьцё 24 траўня аб 11.00
Тэлефоны для даведак: (МТС) 503 97 60 (Віка), (МТС) 767 66 68 (Мара), (Vel) 128 52 54 (Паліна)
Фота суполкі «Мы — Дзецям»