Канцэрт у абарону валізак: «Серебряная свадьба» выступіла ў Night Star
«А эта свадьба, свадьба, свадьба пела и плясала…» І гэта не Муслім Магамаеў, а «Серебряная свадьба» шмат пела і шмат таньчыла на канцэрце у Night Star у гэтую нядзелю. Уражаньні дылітанта ад паходу на канцэрт фрык кабарэ бэнд: паўсюль клоўны, валізы і
Маленькі па маштабах, але не па сэнсе, спэктакль на сцэне ў душным клюбе, шмат якаснай музыкі з кантрабасам, скрыпкай і рознымі духавымі інструмэнтамі і, канешне, сола ад вакалісткі гурта Бені — ўсё быццам казка. Адчуваеш сябе шчасьлівым чалавекам, бо меў магчымасьць падарожнічаць па часе і краінах: спачатку францускі шансон, пасьля нямецкая лірыка, яшчэ трошкі джазу і дыскатэка
Пакуль Беня пераапраналася ў маленькую чорную сукенку, францускі бубнач прасьпяваў «Мурку», а пасьля і чэскі трамбаніст саліраваў: выканаў знакамітую песьню «Я долго буду гнать велосипед…» і падарыў залі букет бэзу.
Быў яшчэ конкурс на самую вялікую і самую маленькую валізы. Уладальніцы вялікай валізы ў гарошак і малюпасенькай памерам з гаманец атрымалі ў падарунак па дыску.
Увесь вечар публіка таньчыла нешта кшталту сумесі чарльзстоуну і твісту, дурыла як у дзяцінстве і была пры гэтым вельмі шчасьлівая. Словамі усіх эмоцый вам не перадаць. Трэба проста схадзіць на канцэрт гурта «Серебряная свадьба», каб забыцца на будзённасьць і патрапіць у чароўны сьвет музыкі мінулага стагодзьдзя.
Глядзіце таксама фотаблог з канцэрту Касі Сарокінай і Паўла Аляксеева.