Мікраблогінг дапамог студэнту выбрацца з-за кратаў
Студэнт каліфарнійскага ўнівэрсытэта, які асьвятляў антыўрадавы пратэст у эгіпецкім горадзе Махальле, здолеў пазьбегнуць турэмнага зьняволеньня дзякуючы паведамленьню ў сваім блогу на Twitter, якое складаецца толькі з аднаго слова.
James Karl Buck быў арыштаваны разам са сваім перакладнікам 10 красавіка. На шляху ва ўчастак Бак дастаў свой мабільны тэлефон і даслаў паведамленьне, якое складаецца толькі з аднаго слова: «Арыштаваны», сваім сябрам і кантактам па Twitter.
Многія блогеры, якія прачыталі паведамленьне Бака, імгненна распаўсюдзілі інфармацыю далей. Такім чынам паведамленьне аб арышце Бака, які асьвятляў падзеі ў Махальле для свайго дыплёма, дайшло і да адміністрацыі ўнівэрсытэта.
Адміністрацыя каліфарнійскага ўнівэрсытэта пакуль яшчэ не прыяжджала за вопытам да сваіх беларускіх калегаў і мабыць таму замест выключэньня затрыманага студэнта наняла яму адваката.
Падчас свайго знаходжаньня ва ўчастку блогер працягваў адсылаць кароткія паведамленьні ў Twitter. Затым яго разам зь перакладнікам дапыталі, адпусьцілі і затрымалі зноў тыя ж супрацоўнікі паліцыі.
Урэшце, дзякуючы ўмяшальніцтву адваката, Бака вызвалілі, аднак перакладніка накіравалі ў іншы ўчастак. Яго месцазнаходжаньне дагэтуль невядомае, перадае CNN.
Twitter – гэта вельмі папулярная зараз сацыяльная сетка. Яна ўяўляе сабой сыстэму мікраблогаў. Кароткія да 140 знакаў паведамленьні, якія зьмяшчаюцца там, пры дапамозе SMS аўтаматычна дасылаюцца падпісаным на вашу стужку карыстальнікам. Пісаць паведамленьні ў Twitter таксама можна з дапамогай SMS.