У Беларусі распрацаваная «Дэклярацыя правоў студэнтаў»

Унікальны дакумант быў распрацаваны студэнтамі з усёй Беларусі і зацверджаны на студэнцкай канверэнцыі «Правы студэнтаў. Рэальнасьць і пэрспэктывы» 15-16 траўня 2004 году. Мерапрыемства падрыхтаванае ЗБСам у межах кампаніі ў падтрымку правоў студэнтаў “Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых”. 

На канферэнцыі сабраліся 60 студэнтаў, якія прадставілі большасць беларускіх ВНУ, таксама прысутнічалі студэнты зь Нямеччыны і Украіны. Сябры ЗБС, праваабаронцы, прадстаўнікі нямецкага нацыянальнага студэнцкага зьвязу FZS, украінскага студэнцкага зьвязу “Украінскае студэнцкае брацтва”, а таксама шэраговыя студэнты беларускіх ВНУ выступілі з наступнымі дакладамі:

  • “Аналіз парушэньня правоў студэнтаў у Беларусі за апошнія 2 гады”
  • “Беларуская дзяржаўная ідэалёгія ў беларускіх ВНУ”
  • “Уціск дзяржавы на ВНУ на прыкладзе ЭГУ”
  • “Стан і пэрспэктывы студэнцкіх СМІ у Беларусі”
  • “Легальнасьць у аброне правоў студэнтаў у Беларусі”
  • “Досьвед украінскіх студэнтаў у абароне сваіх правоў”
  • “Салідарнасьць эўрапэйскіх студэнцкіх арганізацыяў зь беларускімі студэнтамі ў галіне абароны правоў студэнтаў” і іншыя.

Усе ўдзельнікі канфэрэнцыі адзначаюць масавыя парушэньні правоў студэнтаў у Беларусі дзяржавай. Найбольшае абурэньне выклікае наступнае: татальная ідэалягізацыя навучальнага працэсу, загад Міністэрства Адукацыі №283 ад 01.04.2004г. “Аб удасканаленьні ідэалягічнай праца ў ВНУ”, прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў пасьля сканчэньня ВНУ, адсутнасьць умоваў для разьвіцьця незалежнага студэнцкага самакіраваньня ў ВНУ. Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі заяву ў зьвязку з шматлікімі парушэньнямі правоў студэнтаў.

Настрой удзельнікаў канфэрэнцыі адлюстроўвае таксама і гатоўнасьць да шырокай барацьбы за свае правы. “Дэклярацыя правоў студэнтаў” - дакумант, які распрацоўваўся студэнтамі розных беларускіх ВНУ на працягу двух навучальных гадоў, адлюстроўвае, у першую чаргу, якія правы зараз парушаюцца найбольш. 

Кампанія ЗБС “Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых” праводзіцца зь верасьня 2002 года - два навучальныя гады. У межах кампаніі ЗБС праводзіў у буйных гарадох краіны форумы па правох студэнтаў. Студэнты абмяркоўвалі мэханізмы абароны правоў студэнтаў, дыскутавалі, якімі мусяць быць правы беларускіх студэнтаў. І такім чынам выпрацоўвалі прапановы ў “Дэклярацыю правоў студэнтаў”.

На завяршэнне 28 красавіка ў межах праекту ў Менску адбыўся студэнцкі рок-канцэрт “ROCK’by”, запісы з якога таксама ўвайшлі ў фінальны мультымэдыя дыск пра стварэньне Дэклярацыі. 

ДЭКЛЯРАЦЫЯ ПРАВОЎ СТУДЭНТАЎ БЕЛАРУСІ

Прэамбула

Мы, студэнты Рэспублікі Беларусь, сутыкнуўшыся з грубымі парушэньнямі сваіх правоў, стварылі Дэклярацыю правоў студэнтаў. Дадзеная дэклярацыя грунтуецца на Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і іншых міжнародных дакумантах аб правох чалавека. Правы, запісаныя ў Дэклярацыі правоў студэнтаў Беларусі, распаўсюджваюцца на навучэнцаў сярэднеспэцыяльных і вышэйшых навучальных установаў, асьпірантаў, магістрантаў (надалей у Дэклярацыі – студэнты). Кожны студэнт павінен валодаць усімі правамі, што абвешчаны гэтай Дэклярацыяй, незалежна ад формы навучаньня (дзённая, вячэрняя, завочная, дыстанцыйная), асновы навучаньня (бюджэтная,платная,кантрактная), нацыянальнага альбо сацыяльнага паходжаньня, маёмаснага становішча, расы, колеру скуры, гендэрнай прыналежнасьці, сэксуальнай арыентацыі, палітычных альбо іншых перакананьняў.

РАЗЬДЗЕЛ І

Сыстэма адукацыі

  • Артыкул 1. Права на атрыманьне бясплатнай адукацыі.
  • Артыкул 2. Права на ўдзел у рэфармаваньні вышэйшай адукацыі.
  • Артыкул 3. Права на доступ да ўсіх нарматыўных актаў, што тычацца сыстэмы адукацыі.
  • Артыкул 4. Права на кіраваньне навучальнай установай праз удзел у прыняцьці рашэньняў любога ўзроўню, у тым ліку права на выбар кіраўніцтва навучальнай установы.
  • Артыкул 5. Права на стварэньне студэнцкага самакіраваньня.
  • Артыкул 6. Права на атрыманьне адукацыі па абранай спэцыяльнасьці.
  • Артыкул 7. Права на ўдзел у разьмеркаваньні рэсурсаў навучальнай установы.

РАЗЬДЗЕЛ ІІ

Навучальны працэс

  • Артыкул 8. Права на вольны выбар мовы навучаньня адпаведна дзяржаўнаму заканадаўству. Навучаньне на беларускай мове зьяўляецца натуральным правам любога студэнта.
  • Артыкул 9. Права на стварэньне індывідуальнага пляну навучаньня.
  • Артыкул 10. Права на вольнае наведваньне лекцыйных заняткаў.
  • Артыкул 11. Права на датэрміновую здачу сэсіі.
  • Артыкул 12. Права на акадэмічны адпачынак.
  • Артыкул 13. Права на аб’ектыўную і непрадузятую ацэнку ведаў.
  • Артыкул 14. Права на выбар выкладчыка і ацэнку ягонай дзейнасьці.
  • Артыкул 15. Права на здаровыя санітарна-гігіенічныя ўмовы навучаньня.
  • Артыкул 16. Права на асабістую бясьпеку падчас навучаньня.
  • Артыкул 17. Права на вольны доступ да навучальных установаў.
  • Артыкул 18. Ніхто не можа прымушаць студэнта да працы, непасрэдна не зьвязанай з навучальным працэсам.
  • Артыкул 19. Права на адпрацоўкі і пераздачы. Ніхто не мае права патрабаваць альбо спаганяць грошы са студэнта за кантроль ведаў, у тым ліку адпрацоўкі, іспыты, залікі.
  • Артыкул 20. Права на якаснае матэрыяльна-тэхнічнае і інфармацыйнае забесьпячэньне.

РАЗЬДЗЕЛ ІІІ

Грамадзка-палітычныя правы

  • Артыкул 21. Права на свабоду студэнцкіх асацыяцыяў і сходаў. Ніхто ня можа быць змушаны уступаць у якую б там ні было асацыяцыю.
  • Артыкул 22. Права на свабоду слова.
  • Артыкул 23. Права на ўласны сьветапогляд. Ніякая ідэалёгія ня можа ўсталёўвацца ў якасьці адзінай абавязковай для вывучэньня.
  • Артыкул 24. Права на свабоднае атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, у тым ліку свабода выданьня студэнцкіх СМІ.
  • Артыкул 25. Права абіраць і быць абраным у ворганы дзяржаўнага кіраваньня.

РАЗЬДЗЕЛ ІV

Сацыяльна-эканамічныя правы

  • Артыкул 26. Права на годныя ўмовы пражываньня ў інтэрнатах.
  • Артыкул 27. Права на своечасовае атрыманьне інтэрната для іншагародніх студэнтаў.
  • Артыкул 28. Права на кругласуткавы ўваход і выхад зь інтэрнатаў.
  • Артыкул 29. Права на стыпэндыю не ніжэй за пражытковы мінімум. Ніхто ня можа распараджацца стыпэндыяй студэнта акрамя яго самога.
  • Артыкул 30. Права на сацыяльную дапамогу з боку дзяржавы, у тым ліку права на ільготы і на атрыманьне крэдыту.
  • Артыкул 31. Права на забесьпячэньне студэнтаў з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі ўсімі неабходнымі ўмовамі для навучаньня.
  • Артыкул 32. Права на вольнае працаўладкаваньне.
  • Артыкул 33. Права на вольнае перасоўваньне ў краіне і па-за яе межамі.
  • Артыкул 34. Права на якаснае бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне.

РАЗЬДЗЕЛ V

Рэалізацыя асобы студэнта

  • Артыкул 35. Права на самарэалізацыю.
  • Артыкул 36. Права на ўмовы для ўсебаковага культурнага разьвіцьця.
  • Артыкул 37. Права на ўласны імідж.
  • Артыкул 38. Права на выбар сэксуальнай арыентацыі.
  • Артыкул 39. Права на свабоду сумленьня.
  • Артыкул 40. Права на вольны час і свабоднае ім распараджэньне.


@ptymist 10:00, 18.05.2004 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.