У Беларусі сфармаваная двухузроўневая сыстэма адукацыі па-за Балоньскім працэсам

8 красавіка ў Менску прайшоў круглы стол, на якім было заяўлена, што ў Беларусі сфармаваная двухузроўневая сыстэма адукацыі. Аднак нічога новага студэнтам гэтая заява не нясе. Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца па-за межамі Балоньскага працэсу.

Двухузроўневая сыстэма падрыхтоўкі спэцыялістаў замацаваная законам Беларусі «Аб вышэйшай адукацыі»: ад 4 да 6 год ідзе на падрыхтоўку спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй і ня больш за два гады — магістрантаў. Пра гэта падчас паседжаньня круглага стала нагадаў намесьнік кіраўніка ўпраўленьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Эдуард Шаўцоў.

Ён таксама паведаміў, што ў беларускіх ВНУ працуе зараз 32 магістратуры: 19 — у ВНУ Міністэрства адукацыі і 13 — у ВНУ іншых ведамстваў. Навучаецца там 1,5 тысячы бюджэтнікаў і 2 тысячы платнікаў. Усяго ў Беларусі больш за 413,6 тысяч студэнтаў. Колькасьць ВНУ ўзрасла да 60, зь якіх 10 — прыватныя. Штогод у краіне выпускаюцца 60 тысяч спэцыялістаў. У 2007 дыплёмы атрымалі 20,2 тысяч бюджэтнікаў, 95% зь якіх былі разьмеркаваныя.

Аднак, што дае беларускаму студэнту сфармаваная ў нашай краіне сыстэма «спэцыяліст-магістрант»?

Двухузроўневая сыстэма бакаляўр-магістар» ёсьць неад’емнаю часткаю Балоньскага працэсу. У 1999 ў Балоньі сустрэліся міністры адукацыі 30 эўрапейскіх краінаў. Мэта, якую яны паставілі перад сабой, — стварэньне Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. З таго часу, калі была падпісаная дэклярацыя, гэты працэс атрымаў кароткі назоў «Балоньскі працэс».

На сустрэчы міністры дамовіліся аб стварэньні агульнай сыстэмы ступеняў у вышэйшай адукацыі (ступень бакаляўра і магістра), агульнай сыстэме крэдытаваньня (ECTS), сумеснага прызнаньня атрыманых ступеняў, каб даць магчымасьць студэнтам вучыцца за мяжой і яшчэ шмат аб чым. Усё гэта павінна быць створанае да 2010.

Сёньня Беларусь — белая пляміна на адукацыйнай мапе Эўропы. Гэта значыць, што больш за 413,6 тысяч студэнтаў ня маюць магчымасьці атрымаць дыплём, які б прызнаваўся ў іншых краінаў, яны ня могуць паўнавартасна і на роўных браць удзел у глябальных адукацыйных працэсах, вольна вандраваць і вучыцца ў краінах, далучаных да «Балоньскага працэсу».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0657 seconds.