Навукоўцы нанесьлі «татуіроўку» з лягатыпам сваёй ВНУ на волас
Некаторыя вобразна кажуць, што іхняя альма-матэр назаўсёды засталася ў сэрцы. Зараз зьявілася магчымасьць літаральна пакінуць назоў любімай ВНУ на галаве: канадзкія навукоўцы выгравіравалі назоў свайго ўнівэрсытэту на чалавечым воласе.
Тое што вы бачыце на малюнку — гравіроўка на валосьсі. З дапамогаю іённа-промневага мікраскопа навукоўцы ўнівэрсытэта McMaster (Антарыо, Канада) нанесьлі на чалавечы волас герб унівэрсытэту памерам усяго некалькі мікрон.
Волас «бамбардзіравалі» іёнамі галію, якія выбівалі з паверхні воласа атамы, што дазволіла выгравіраваць назоў і герб унівэрсытэту. Такая тэхналёгія выкарыстоўваецца ў вытворчасьці нанапамернага абсталяваньня.
Праз істотную фінансавую падтрымку канадзкая правінцыя Антарыо выйшла ў лідэры пошуку альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. Гравіроўка чалавечага воласа — не адзінае і, бадай, ня самае бліскучае дасягненьне ўнівэрсытэту McMaster. Але хто ведае? Можа гравіроўка фрызуры стане такім жа папулярным упрыгожваньнем, як татуіроўкі.