SUP пакідае базавыя акаўнты карыстальнікам LiveJournal

Нязгодныя з адменаю базавага акаўнту карыстальнікі LiveJournal дамовіліся нічога не пісаць у сваіх блогах 21 сакавіка. Кіраўнік службы блогаў SUPу назваў акцыю маргінальнай. Аднак 19 сакавіка кіраўніцтва кампаніі прынесла выбачэньне за такое рашэньне і паабяцала днямі аднавіць магчымасьць рэгістрацыі акаўнтаў без рэклямы.

­

SUP & Livejournal 

12 сакавіка споўнілася 100 дзён ад дня набыцьця расейскай кампаніяй SUP сэрвісу LiveJournal. Гэту «круглую» дату SUP вырашыў адзначыць адменаю базавага акаўнту — мінімальнага набору функцыяў без рэклямы. Палепшаны акаўнт хоць і дае пашыраныя магчымасьці, але шмат хто аддае перавагу базаваму менавіта з-за адсутнасьці рэклямных банэраў.

Ідэя выклікала нездавальненьне ня толькі карыстальнікаў жывога журналу, але і заснавальніка сэрвісу Брэда Фіцпатрыка. У той час, як кампанія SUP распавядала пра дасягненьні гэтых ста дзён і дзялілася плянамі паляпшэньня LiveJournal, напружанасьць сярод жж-юзараў расла. Нарэшце, пятніца 21 сакавіка была абвешчаная Днём цішыні ў жж — карыстальнікі дамовіліся не пісаць нічога ў сваіх блогах, а ў многіх дзёньніках зьявіліся постары акцыі.

 
Малюнак samoleg.livejournal.com

Нечакана кампанія SUP прынесла свае выбачэньні карыстальнікам і адмяніла рашэньне аб скасаваньні базавых акаўнтаў. Як паведамляецца ў пасланьні кампаніі, рашэньне было прынятае з парушэньнямі сваіх жа правілаў, без папярэджваньня карыстальнікаў і таму — без уліку іх меркаваньня. 

18 сакавіка, у інтэрвію інфармацыйнаму рэсурсу Izbrannoe.info кіраўнік службы блогаў SUPа Антон Носік назваў Дзень цішыні маргінальнай акцыяй і патлумачыў, чаму ад базавага акаўнту вырашылі адмовіцца:

«Калісьці менавіта базавыя акаўнты былі асноўнаю формай прапановы ЖЖ. Зь беднасьці стваральнікаў, адсутнасьці грошаў на разьвіцьцё. І проста таму, што ЖЖ ня быў бізнэсам — гэта было хобі студэнтаў. Тады карыстальнікам простым тэкстам казалі: „Нават калі вы заплаціце, вы нічога за гэта не атрымаеце. Плата за карыстаньне ЖЖ ёсьць ахвяраваньнем. Вам падабаецца праект? Дык дайце яму грошаў“. Такая мадэль дзейнічала з 1999 па 2005. Базавыя акаўнты зьяўляюцца спадчынай гэтай мадэлі і зьнітаванаю зь ёй мэнтальнасьцю, часткай якой ёсьць, у тым ліку, уяўленьне аб тым, што банэры — зло».

У камэнтарах да поста, у якім паведамляецца канчатковае рашэньне пакінуць базавыя акаўнты, апроч падзяк за выбачэньні, — нараканьні на Антона Носіка і ягоныя публічныя выказваньні ў бок карыстальнікаў.

SlaDa 16:00, 20/03/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0059 seconds.