Дзьмітры Мядзьведзеў выступае за абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ

Пытаньне аб увядзеньні абавязковага разьмеркаваньня ўздымаецца ў Расеі цягам некалькіх год. У 2005 міністар адукацыі РФ называў прапановы ўвесьці 5-гадовае разьмеркаваньне антыканстытуцыйнымі. Дзьмітры Мядзьведзеў, наадварот, лічыць ідэю добраю і раіць рэктарам заключаць дамовы зь бюджэтнікамі.

­

Нядаўна абраны прэзыдэнтам РФ Дзьмітры Мядзьведзеў раіць рэктарам мэдыцынскіх ВНУ заключаць са студэнтамі дамовы аб абавязковым разьмеркаваньні выпускнікоў у сфэру мэдыцыны. Падставай для такой парады прэзыдэнта стала заява старшыні камісіі па ахове здароўя Грамадзкай палаты Расеі, сусьветна вядомага доктара Леаніда Рашаля:

«30% тых, хто навучаецца за дзяржаўны кошт, ня йдуць практыкаваць у ахову здароўя».

Раней, у сярэдзіне 2006, міністар адукацыі РФ Андрэй Фурсенка выказаў меркаваньне, што:

«Агульнага разьмеркаваньня ў межах бясплатнага навучаньня быць не можа. Гэта супярэчыць Канстытуцыі. Увядзеньне абавязковага разьмеркаваньня — ня вельмі добрая ідэя».

На сёлетняй сустрэчы ідэю палічылі добраю. Доктар Рашаль таксама крануў праблему правоў чалавека пры разьмеркаваньні, але заўважыў:

«А дзе правы тых тысяч хворых, якім не аказваецца мэдычная дапамога з-за недахопу дактароў?»

Зь ягонымі аргумэнтамі пагадзіўся і новы прэзыдэнт Расеі:

«Гэта вельмі сур’ёзная, важная тэма. Нам часам трэба і ўладу ўжыць».

Па меркаваньні Мядзьведзева, калі студэнт будзе змушаны выплаціць выдаткі на сваё навучаньне ў выпадку няяўкі па месцы разьмеркаваньня, «95% выпускнікоў паедуць працаваць».

Пытаньне аб абавязковым разьмеркаваньні падымаецца ў Расеі даўна. Былі нават спробы ўвесьці адпаведныя законы на рэгіянальным узроўні.

Яшчэ з 2005 дэпутаты прапаноўвалі тэрмін разьмеркаваньня ў 5 год, заўважаючы, што асабліва востра не хапае кадраў у сельскай мясцовасьці. 

Такія плённыя сустрэчы з прадстаўнікамі Грамадзкай палаты Дзьмітры Мядзьведзеў паабяцаў Леаніду Рашалю праводзіць рэгулярна.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0046 seconds.