Толькі 13$ выдаткаваў сярэдні мянчук у 2007 годзе на забавы ў горадзе

Усе жыхары Менску адпачылі ў мінулым годзе разам на 23,5 мільёнаў даляраў. Самай папулярнай забавай стаў паход у кіно. А дыскатэкі зарабілі амаль столькі ж, колькі і цырк.

Па дадзеных агенцыі «Минск-новости» жыхары сталіцы Беларусі выдаткавалі больш за 50 мільярдаў рублёў на забавы ў 2007, што на 21,4% болей, чым у 2006.

Найбольшай папулярнасьцю карысталіся кінатэатры, канцэрты і тэатры. Амаль 12 мільярдаў рублёў менчукі пакінулі ў касах кінатэатраў, больш 11 мільярдаў пайшло на канцэрты, каля 9 мільярдаў рублёў — на тэатры.

Хаця квіткі на дыскатэку часам у разы даражэйшыя за квіток у тэатар, згодна афіцыйнай статыстыкі, дыскатэкі зарабілі толькі 5,5 мільярдаў рублёў — на які мільярд болей, чым атрымаў цырк. У парках бацькі выдаткавалі на забавы сваіх дзяцей больш за 3 мільярды рублёў.

Глябальны рост індустрыі забаў — больш за 6% штогод

Згодна прагнозам PricewaterhouseCoopers’ забаўляльная індустрыя ўвайшла ў фазу актыўнага росту — даходы у гэтай галіне ў 2010 могуць скласьці ля 1,8 трыльёнаў даляраў. На глябальным узроўні ацэньваецца ня толькі наведваньне тэатраў і клюбаў, але і забаўляльныя рэсурсы Інтэрнэту, мабільныя тэхналёгіі і гэтак далей.

Самым прывабным для забаўляльнай індустрыі зьяўляецца рынак ЗША: у гэтай краіне ня толькі вялікая колькасьць спажыўцоў, яны да таго ж не шкадуюць грошаў на адпачынак. 

У глябальным разрэзе, найхутчэй будуць расьці такія сэгмэнты індустрыі забаў, як Інтэрнэт, відэа гульні, казіно, тэлебачаньне, кінематограф. Музычны сэгмэнт таксама будзе пашырацца, але не за кошт продажаў фізычных носьбітаў, а дзякуючы лічбавым тэхналёгіям.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0715 seconds.