Музыка зелянее: экалягічная праграма Глястанбэры
Арганізатар Глястанбэры адпраўляе пяць тон гумавых ботаў у Афрыку і распрацоўвае экалягічныя маршртуры для гасьцей. Эўрапейскаму музычнаму фэсту сёньня ўжо не дастаткова прапанаваць выдатную праграму. Арганізатары мусяць клапаціцца пра навакольнае асяродзьдзе і гарантаваць прысутным, што сваім удзелам яны не нашкодзяць прыродзе.
Зелянее ня толькі бізнэс, але і музычная індустрыя. Каб быць пасьпяховым у любой сфэры, трэба клапатліва ставіцца да навакольнага асяродзьдзя. Арганізатары буйнога брытанскага музычнага фэсту Глястанбэры рыхтуюць сёлета цэлы шэраг «зялёных» мерапрыемстваў.
Сьпярша ў Афрыку адправяцца пяць тон гумавых ботаў. Майкл Івіс — арганізатар Глястанбэры — зьбіраў пакінутыя наведвальнікамі боты некалькі год. Іх можна было проста закапаць у зямлю, што шкодна, але Івіс вырашыў прэзэнтаваць іх афрыканскім фэрмэрам. Ён сам у захапленьні ад сваёй ідэі.
Сёлетні Глястанбэры пойдзе пад лёзунгам «Прыбяры за сабой». Пасьля фэсту на полі застаецца ня толькі сьмецьце, але і жалезныя колышкі для намётаў. Гэтыя небясьпечныя прадметы ўжо сталі прычынай сьмерці некалькіх кароў, што пасуцца на тым полі.
Таму наведвальнікам на ўваходзе будуць выдаваць пакунак з дзесяцьцю колышкамі, зробленымі з крухмалу. Яны бясьпечныя для асяродзьдзя і жывёл, бо з часам цалкам раскладаюцца.
Камусьці гэта можа падацца сьмешным, але пытаньні экалёгіі сапраўды зараз у цэнтры. Напрыклад. Том Ёрк (Radiohead) адмовіўся выступаць на Глястанбэры таму, што госьці дабіраюцца да знакамітага поля збольшага на аўтамабілях, а значыцца падчас фэсту ў мястэчку павышаецца канцэнтрацыя шкодных выкідаў.
Таму арганізатары пачалі прадаваць квіткі на фэст толькі пры наяўнасьці квіткоў на аўтобус.
Таму не дарма арганізатары падрыхтавалі некалькі мільёнаў колышкаў, а таксама добрую музычную праграму, і чакаюць гасьцей з 27 па 29 чэрвеня. Сёньня скончыўся прыём заявак на квіткі, якія паступяць у продаж 6 красавіка.